[вокладка]

Іван Насовіч. Слоўнік беларускай мовы

Словарь бѣлорусскаго нарѣчія, составленный И. И. Носовичемъ


Ад укладальнікаў

Гісторыя падрыхтоўкі
Пра гэтае выданне
Перавагі сучасных падыходаў
    Дадатак 1. Прынцыпы адаптацыі арыгінальнага рэестра Слоўніка Насовіча
    Дадатак 2. Поле «ключавыя словы»

Гісторыя падрыхтоўкі

Слоўнік Насовіча з’яўляецца адной з найважнейшых лексікаграфічных прац у гісторыі беларускага мовазнаўства. Найбольшы слоўнік беларускай мовы ХІХ ст., ён адразу па сваім выхадзе надоўга стаў асноўнай крыніцай (хоць карысталіся ім часам не надта крытычна) для ўкладання іншых слоўнікаў (указальніка Паўла Шэйна, размоўнікаў Адальберта Войцеха Старчэўскага, перакладных слоўнікаў Максіма Гарэцкага, Міколы Байкова, Сцяпана Некрашэвіча, Яна Станкевіча і інш.). Таксама важна адзначыць, што Слоўнік Насовіча, разам з публікацыямі Яўхіма Карскага, актыўна выкарыстоўваўся рэдактарамі і аўтарамі газеты «Наша Ніва».

Слоўнік двойчы перавыдавалі факсімільна (то-бок проста рэпрадуктавалі арыгінал). Такімі перавыданнямі сённяшняму чытачу карыстацца досыць нязручна з розных прычын. У 2002 годзе Зміцер Саўка, плануючы зрабіць новае выданне Слоўніка Насовіча для сучаснага чытача, пачаў яго алічбоўку і вычытку, адаптаваў да нормаў беларускага правапісу частку загаловачных слоў. Аднак гэтая праца амаль спынілася ў 2006 годзе праз нястачу грошай.

Пасля смерці Змітра Саўкі ў 2016 годзе, калі ў архівах мовазнаўцы знайшліся ягоныя ранейшыя напрацоўкі, было вырашана працягнуць праект. У 2019 годзе Алесь Булойчык і Уладзімір Кошчанка сабралі грошы праз краўдфандынг на далейшую працу над слоўнікам. У канцы 2019 года да працоўнай групы далучыўся Вячаслаў Мартысюк.

Была праведзена вялікая праца – створана адмысловая праграма для ўкладання электроннай версіі, слоўнікавыя артыкулы (35.000) вычытаны наноў і ўнесены ў базу і г. д. Выданне не ўбачыла б свет без шматлікіх валанцёраў і фундатараў, якія нам дапамагалі. Мы выказваем ім нашу найшчырэйшую падзяку:

Настасься Аляшкевіч
Антон Арцёменка
Zoja Bartosh
Аляксандра Баярына
Антон Бельскі
Dzianis Brynkevič
Olga Goritskaya
Dzmitry Haurychenka
Тацяна Гацура
Volha Hiedranovich
Уладзіслава Губіч
Андрусь Жвір
Сергей Желобовский
Сяргей Запрудскі
Ігар Іваноў
Марыя Кавальчук
Aliaksandr Kazakou
Віталь Катовіч
Севярын Квяткоўскі
Усевалад Кімаеў
Виталий Кравченок
Źmicier Krymoŭski
Андрей Купченко
Марына Курышка
Yury Labovich
Сяргей Лобач
Раман Маладзяшын
Настасься Мацяш
Павел Мінютка
Ірына Міхальчанка
Васіль Прымака
Victor Radziwinowski
Georgy Roy
Тацяна Сакун
Зьміцер Санько
Караліна Саўка
Irina Slavnikova
Вольга Цiтова
Aliaksei Tsitovich
Vadim Titov
Вадзім Шклярык
Pavel Shut
Вальжына Шутава
Алесь Яўдаха

Асаблівую падзяку выказваем Ілоне Урбановіч-Саўцы.

Пра гэтае выданне

Слоўнік Насовіча доўгі час заставаўся «рэччу ў сабе», перадусім з прычыны расейскага дарэформеннага правапісу, нявытрыманасці «паўэтымалагічнага пісьма» (Яўхім Карскі), прынятага ўкладальнікам, вялікай колькасці запісаных у розных мясцовасцях[1] фанетычных, акцэнталагічных і інш. варыянтаў аднаго і таго ж слова (пададзеных у асобных артыкулах, часам без адсылак[2]):  аканом/іканом, ввінуць/увінуць, здылікаціць/здэлікаціць, Няметчына/Нямеччына, окенніца/вокенніца, окліп/вокліп, слухаты/слухаць, таіты/таіць, усчуневаць/усчуніваць/ушчуніваць, худкі/хуткі, абакула/обакула, дзендобры/дзен-добры, дзень-дзяньскій/дзень-дзяньскі, в вечар/увечар, в двух/удвух і інш.

Усё гэта стварала і стварае цяжкасці пры карыстанні слоўнікам. Сучасны карыстальнік не пазнае беларускіх слоў за старым дарэформенным расейскім правапісам, таму ўзнікла патрэба ўніфікацыі правапісу згодна з сучаснымі нормамі беларускай літаратурнай мовы, а таксама забеспячэння слоўнікавых артыкулаў сістэмай дадатковых тлумачэнняў/адсылак.

У электронным перавыданні Слоўніка Насовіча арыгінальны тэкст зменены мінімальна:

Беручы пад увагу вышэйапісаныя праблемы, было вырашана зрабіць паралельна з арыгінальным рэестрам Слоўніка Насовіча яго асучасненую версію, прадоўжыўшы  працу Змітра Саўкі ў гэтым кірунку. Сучасная адаптацыя — гэта перадача арыгінальных загаловачных слоў сродкамі сучасных беларускіх графікі і правапісу; асобныя дыялектныя адзінкі слоўнікавага рэестра «алітаратурваліся», г. зн. узнаўляліся ў тым выглядзе, у якім яны маглі б існаваць у літаратурнай мове (больш падрабязна пра сучасную адаптацыю гл. Дадатак 1).

новь → ноў; розсвѣтъ → россвет; щадженне → шчаджэнне; ближѣйшій → бліжэйшы; гидкій → гідкі; умыслный → умысны; красць → красці; дивитися → [дівітіся] → [дзівіціся] → дзівіцца;

Дадаткова, для пошуку з улікам семантыкі, уведзена адмысловае поле «ключавыя словы» (змяшчае больш за 90.000 пазіцый), якое дазваляе шукаць не толькі асобнае слова, але і словы ці выразы з блізкім значэннем (больш падрабязна пра «ключавыя словы» гл. Дадатак 2):

велегурицьца [велягурыцца] – пышыцца, фанабэрыцца, выхваляцца, задавацца; 
акавитка [акавітка], акавиточка [акавітачка], алембиковка [алембікоўка], горкуха [гаркуха], желудковка [жалудкоўка], ... = гарэлка

Электронная версія ўтрымлівае «Прадмову» і «Тлумачэнне скарочаных указанняў у слоўніку» з арыгінальнага выдання, а таксама прадмову да факсімільнага выдання 1983 года Міхаіла Судніка, артыкулы Паўла Шэйна (адна з першых спроб біяграфіі Івана Насовіча) і Мікалая Гуліцкага (грунтоўнае даследаванне лексікаграфічнай дзейнасці Івана Насовіча).

Спецыяльна для гэтага выдання падрыхтавана бібліяграфія друкаваных і рукапісных прац Івана Насовіча і публікацый, прысвечаных яго жыццю і творчасці. У яе аснову пакладзена бібліяграфічная спроба Ларысы Гедзімін[3]. Мы ўдакладнілі гэтую бібліяграфічную спробу і пашырылі на 146 пазіцый. У раздзел «Рукапісныя працы І. І. Насовіча» ўведзены падраздзелы «Страчаныя/згубленыя рукапісы І. І. Насовіча», «Эпісталярная спадчына» і «Varia» (матэрыялы іншых асоб, матэрыялы да біяграфіі). Кожная пазіцыя забяспечана дакладным архіўным адрасам або бібліяграфічнай спасылкай (спасылкамі).

Перавагі сучасных падыходаў

Электронныя выданні слоўнікаў маюць відавочныя перавагі ў параўнанні з папяровымі:

а) непараўнальна большыя магчымасці пошуку па слоўніку – не толькі значна хутчэйшы пошук па загалоўку артыкула, але і пошук па частцы загалоўка, па словах у слоўнікавым артыкуле, што патрабавала б поўнага перачытвання папяровага слоўніка ад пачатку да канца ў кожным выпадку;

б) магчымасць выхаду па-за межы слоўніка: інтэграванне ў большыя слоўнікавыя сістэмы (накшталт slounik.org), у іншыя рэсурсы;

в) значна меншыя выдаткі на выданне і прасцейшы спосаб распаўсюду: для электронных слоўнікаў не можа быць варыянтаў «наклад распрадалі», «слоўнік дасяжны толькі ў бібліятэцы» і г. д.;

г) не патрабуюць перавыданняў, яны могуць абнаўляцца і выпраўляцца рэгулярна;

д) могуць захоўвацца ў сістэмах кантролю версій (накшталт git), што дазваляе кантраляваць усе змены, якія ўносяцца ў электронны слоўнік. Такія сістэмы дазваляюць дакладна вызначыць, хто, калі і што выправіў.

Варта заўважыць, што слоўнікі, выдадзеныя як pdf-файлы, не з’яўляюцца паўнавартаснымі электроннымі выданнямі, бо не маюць большасці пераваг электронных слоўнікаў.

Электроннае выданне Слоўніка Насовіча захоўваецца ў git, утрымлівае зыходныя файлы .xml для далейшай апрацоўкі і дадавання ў пошукавыя сістэмы, а таксама файлы .html, якія можна праглядаць у звычайным браўзары. З улікам даўнасці папяровага выдання, слоўнік распаўсюджваецца як Public Domain[4].

* * *

Праца над Слоўнікам Насовіча паказала, што слоўнікі любога тыпу варта рабіць з улікам семантычных сувязей. Поле «ключавыя словы» было зроблена для паляпшэння пошуку і паказала сваю высокую эфектыўнасць. У далейшым варта стандартызаваць ужыванне ключавых слоў праз прывязку да семантычнай базы, якую трэба стварыць для беларускай мовы.

Выпускаючы плён нашай працы ў свет, мы шчыра спадзяёмся, што яна паслужыць усім, хто не абыякавы да беларускага слова, і прыдасца як спецыялістам, так і аматарам. Падкрэслім, што электронная версія Слоўніка Насовіча мае практычны характар; далейшая ж праца з ёй (удасканальванне зробленага, асучасніванне дэфініцый і ілюстрацый слоўніка, яго навукова-крытычнае перавыданне і інш.) – справа будучыні. Гэтае выданне – добры інструмент для вывучэння спадчыны Івана Насовіча і беларускай мовы XIX ст., які дазволіць вывесці працу даследчыкаў на новы ўзровень.

-----------

Дадатак 1. Прынцыпы адаптацыі арыгінальнага рэестра Слоўніка Насовіча

Найбольш частотныя выпадкі:

асобныя літары (ă, ĕ, ȇ, и, ŏ, ô, щ, ъ, ѣ, ѣ̆, ѣ̂, э̆, э̂, я̆), не характэрныя для сучаснай беларускай літаратурнай мовы, трансфармаваныя ў залежнасці ад пазіцыі ў слове:

гамзăць → гамзаць;
абыдзĕнь → абыдзень;
акцызничĕкъ → акцызнічак;
дзерȇнуць → [дзерянуць] дзерануць;
кидаць → кідаць;
вŏлхвиць → валхвіць;
бôгато → багата;
щадженне → шчаджэнне;
авозъ → авоз;
бабицъца → бабіцца;
устрѣкацьца → [устрякацца] → устракацца;
ѣ̆здаязда;
звѣ̂рушка → звярушка;
сиротэ̆нька → сіротанька;
цэ̂гельня → цагельня;
дзя̆коваць → дзякаваць

спалучэнне іо перадаецца як ё або -ыо:

іодкій → ёдкі;
амбиціонъ → амбіцыон

й і ў у абсалютным пачатку слова заменены на і і у:

ймя → імя;
ўловы → уловы

спалучэнне кг перадаецца як ґ (г выбухное):

кгузъ → [кгуз] → ґуз;
кгеркгаць → ґерґаць

суфікс + постфікс -цьца перадаецца як -цца:

бгацьца → бгацца;
вабицьца → вабіцца

в перадаецца як у або ў у залежнасці ад пазіцыі:

вранку → уранку;
вдовжъ → удоўж;
новь → ноў;
Анциславъ → Анціслаў

у асобных словах перад зычным і на канцы л перадаецца як ў:

полчворта → [палчварта] → паўчварта;
упалъ → [упал] → упаў

на месцы рэдукаваных і, ы ўзнаўляецца этымалагічны галосны:

абузничыць → абузнічаць;
залаиць → [залаіць] → залаяць;
икономша → [іканомша] → эканомша;
цихинькій → [ціхінькі] → ціхенькі

э ў запазычаннях звычайна захоўваецца:

повэтоваць → павэтаваць;
шустэръ → шустэр

у словах, якія, магчыма, маюць заходнепалескае паходжанне, э перадаецца як а:

косэнька → косанька;
сторонэнька → старонанька

канчаткі -ий/-ій/-ый перадаюцца як -і/-ы:

гидкій → гідкі;
абузный → абузны

мяккія зычныя ў Слоўніку Насовіча, якія ў сучаснай беларускай мове з’яўляюцца зацвярдзелымі, перадаюцца як цвёрдыя:

ближѣйшій → бліжэйшы;
дурѣць → [дурець] → дурэць;
заблищѣць → [заблішчець] → заблішчэць;
запукчѣць → запукчэць;
апликація → аплікацыя;
проворшій → праворшы;
утрёска → утроска;
подворье → падвор’е;
сушь → суш

сцягненыя формы зваротных дзеясловаў падаюцца як поўныя:

угнесцьца → [угнесца] → угнесціся;
уберцьца → [уберца] → уберціся

у выпадках, калі пры асучасніванні сцягненых формаў зваротных дзеясловаў зрушваўся націск і ўскладнялася пазнавальнасць слова, сцягненыя формы захоўваліся:

опрежьца → апрэжца → [апрэгчыся];
печьца → печца → [пекчыся, пячыся]

канчатак -ць дзеясловаў, аснова якіх заканчваецца на зычны гук, перадаецца як -ці:

красць → красці;
грызць → грызці;
надзерць → надзерці

у выпадках, калі пры асучасніванні зрушваўся націск і ўскладнялася пазнавальнасць слова, дзеясловы ў інфінітыве з суфіксам захоўваліся:

уцечь → уцеч;
подпрежчь → падпрэжч;
прежчъ → прэжч;
распечь → распеч;
спрежчь → спрэжч;
сцечь → сцеч

безасабовыя формы дзеясловаў на -ець і на -сь, а таксама дзеепрыслоўяў на -сь, падаюцца ў адпаведнасці з нормамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы:

забираець → [забіраець] → забірае;
хорошѣĕць → харашэе;
сподобалось → [спадабалась] → спадабалася;
распогодзилось → [распагодзілась] → распагодзілася;
наёмшись → [наёмшысь] → наёмшыся

правапіс прыставак на зычныя прыведзены ў адпаведнасць з нормамі сучаснай літаратурнай беларускай мовы:

свузѣць → звузець;
зъыначивацьца → [зыначывацца] → зыначвацца;
беззыскный → бяззыскны;
розсвѣтъ → россвет;
отбиць → [атбіць] → адбіць;
отцохнуць → [атцохнуць] → адцохнуць

ж на месцы гістарычнага *dj перадаецца як дж або ж:

погоржаць → [пагаржаць] → пагарджаць;
пробужацьца → прабуджацца;
прасѣживаць → [прасежываць] → [праседжываць] → праседжваць;
прихожалый → прыхажалы;
нужа → нужа;
хожба → хажба

спалучэнне вг, якое, магчыма, узнікла пад уплывам польскай мовы, перадаецца як лг:

вгаць → лгаць;
вгунъ → [вгун] → лгун;
навгаць → налгаць

спалучэнні слн, ств, стл, стн, тств, тсц, цств, шств, жств перадаюцца як сн, сцв, сл, сн, цтв, сц, сцв, ств адпаведна:

умыслный → умысны;
напаствиць → напасцвіць;
злостливый → [зластлівы] → зласлівы;
корыстный → [карыстны] → карысны;
проклятство → [праклятства] → пракляцтва;
потсцивый → пасцівы;
дзивацство → дзівацтва;
юдашство → [юдашства] → юдаства;
убожство → [убожства] → убоства

спалучэнне сч перадаецца як шч:

нисчимный → [нісчымны] → нішчымны

суфікс -ыва- (-іва-) у дзеясловах незак. трыв. перадаецца як -ва-:

апробовываць → апрабоўваць;
удаливаць → [удаліваць] → удальваць;
умовчиваць → [умоўчываць] → умоўчваць

суфікс -ыва- у дзеясловах незак. трыв. захоўваецца пасля збегу некаторых зычных:

огарнываць → агарнываць;
обровнываць → аброўнываць

спалучэнне -іва- (=каранёвае і + суф. -ва-) у дзеясловах незак. трыв. перадаецца як -йва-:

пригнаиваць → [прыгнаіваць] → прыгнайваць;
утоиваць → [утоіваць] → утойваць

лексіка з паўднёва-заходняга дыялекту падаецца ў адпаведнасці з нормамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы:

дивитися → [дівітіся] → [дзівіціся] → дзівіцца;
рекрутик → [рекрутік] → рэкруцік;
тертися → [тертіся] → церціся;
тоити → [тоіті] → [таіці] → таіць

падоўжаныя зычныя ў запазычаннях не захоўваюцца:

ассистентъ → [ассістэнт] → асістэнт;
клясса → кляса

спалучэнне дзк перадаецца як дск:

людзкій → [людзкі] → людскі;
челядзкій → [чалядзкі] → чалядскі

аканне/яканне перадаецца ў адпаведнасці з нормамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы:

почервенѣць → пачарвянець;
чирвонѣцьца → чырванецца;
шалёваць → шаляваць

спалучэнні дв, тв перад галоснымі пярэдняга раду перадаюцца як дзьв, цв:

ледве → ледзьве;
одрантвѣць → [адрантвець] → адранцвець;
сколотвины → скалоцвіны

некаторыя выпадкі фанетычнага напісання зменены на «этымалагічныя» ў адпаведнасці з сучаснымі нормамі:

крогкій → крохкі;
прыдкій → прыткі;
худкій → хуткі;
свѣтка → сведка;
натто → [натта] → надта;
хрезьбины → хрэсьбіны

зроблена спроба ўрэгулявання правапісу злучнікаў з часціцамі, прыслоўяў (прыслоўяў з злучнікамі і з часціцамі), прыназоўнікаў, займеннікаў, выклічнікаў (выклічнікаў з злучнікамі і з часціцамі), гукаперайманняў асобна/разам/праз злучок:

анутка → ану-тка;
бабіна-душица → бабіна душыца;
безустали → бязустали → без усталі;
зъ-давна → здаўна;
у двухъ → удвух;
цип, цип, цип → ціп-ціп-ціп;
цюцюцю → цю-цю-цю

Дадатак 2. Поле «ключавыя словы»

Поле «ключавыя словы» ўтрымлівае:

– сінонімы да таго або іншага рэестравага слова:

абскі] бабскій – старэчы, бабін, кабецкі, кабечы, жаноцкі, жаночы;
[велягурыцца] велегурицьца – пышыцца, фанабэрыцца, выхваляцца, задавацца; 
[гам] гамъ – шум, гоман, крык, гвалт, лямант, галас, мітусня, беганіна, сумятня;
ужа] дужо – моцна, вельмі, надта

– гіперонімы:

[акавітка] акавитка, [акавітачка] акавиточка, [алембікоўка] алембиковка, [гаркуха] горкуха, [жалудкоўка] желудковка, … = гарэлка;
[бязлетка] безлѣтка, [бязлетак] безлѣтокъ, [бясштонік] безштоникъ, [гіндрык, гіндрычак] гиндрикъ, гиндричекъ, ... = дзіця

– апісальныя канструкцыі:

[адамашка] адамашка – шаўковая тканіна з узорамі;
[важнічае] важничее – плата за ўзважванне;
[гарыпень] горипень – той хто застаўся без пары ў гульні ў гарыпні, той хто застаўся без пары ў гульні ў гарэлкі;
[дзягціць] дзегциць – урабляць у дзёгаць, пэцкаць дзёгцем

– граматычныя формы (трывальныя, лікавыя і г. д.):

[распудзіцца] распудзицьца – распудзіцца, распуджвацца;
[тром] тромъ – тром, тры;
[падораны] подореный – падораны, падарыць;
[дрогшы] дрогший – дрогшы, дрогкі;
асечка] Касичка – Касічка, Кася, Кацечка, Каця, Кацярына.

 

 

 


1 Параўн.: «...слова, вошедшие в Белорусский словарь, принадлежат говору и Могилевской, и Витебской, и Минской, и Виленской, и Гродненской губерний, только с различным таковых произношением по двум диалектам» (Носович, И. Воспоминания моей жизни: [Записки языковеда и фольклориста] / И. Носович; вступ. сл. Н. Гилевича; подгот. к печати Т. М. Судник, Ю. М. Судник, А. Ю. Казакова // Неман. – 1997. – № 3.  – С. 253).

2 У Слоўніку Насовіча ёсць «пустыя» спасылкі, якія звычайна адсылаюць да няісных загаловачных слоў. На жаль, яны захоўваюцца і ў электроннай версіі.

3 Гл. дадатак да яе артыкула «Іван Насовіч – чалавек-загадка» у кн.: Спадчына Івана Насовіча і беларускае мовазнаўства: Матэрыялы навуковых чытанняў, прысвечаных 220-годдзю з дня нараджэння Івана Іванавіча Насовіча (18 лютага 2008 года, г. Мінск) / адк. рэд. М. Р. Прыгодзіч; Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. – Мінск: Права і эканоміка, 2008. – С. 6–15.

4 Public Domain (Грамадcкі набытак) — сукупнасць аб'ектаў аўтарскага права, маёмасныя правы на якія скончыліся або ніколі не існавалі. Распаўсюджваць і выкарыстоўваць грамадскі набытак могуць усе без выключэння. Творы, якія перайшлі ў грамадскі набытак, могуць свабодна выкарыстоўвацца любой асобай без выплаты аўтарскай узнагароды. Пры гэтым мусяць выконвацца асабістыя немаёмасныя правы аўтара — права аўтарства, права на імя, права на ахову рэпутацыі аўтара і права на абнародаванне. (https://be.wikipedia.org/wiki/Грамадскі_набытак)