Крыніца: Гуліцкі М. Ф. Нарысы гісторыі беларускай лексікаграфіі (ХІХ – пачатак ХХ ст.). – Мн.: Выш. школа, 1978. С. 50–83, 114.
У гісторыі вывучэння беларускай мовы пачэснае месца належыць буйному беларускаму вучонаму І. Насовічу. З 1844 г. ён клапатліва запісваў матэрыялы для слоўніка ў 1848 г. пачаў яго ўкладанне. Як успамінаў В. Насовіч – сын вучонага, І. Насовіч не лічыўся з выдаткамі, ездзіў у розныя мясцовасці, каб толькі папоўніць свае запісы. У 1850 г. І. Насовіч закончыў першае даследаванне з чатырох частак: 1) «Опыт краткого филологического наблюдения о белорусском наречии»; 2) «Собрание белорусских слов по алфавиту»; 3) «Сборник белорусских пословиц (1000)»; 4) «Несколько белорусских басен, народных анекдотов и повестей». Першыя тры часткі паслаў у Акадэмію навук. На адным з лістападаўскіх паседжанняў Другога аддзялення Акадэміі навук гэтыя матэрыялы перадалі на разгляд І. Сразнеўскаму, які ў снежні зачытаў запіску «О трудах Носовича касательно Белорусского наречия». Пасля кароткага агляду небагатай на той час літаратуры па беларускай мове І. Сразнеўскі, гаворачы пра беларускія прыказкі, заўважае, што зборнік Насовіча самы большы сярод падобных прац, што ў зборніку падаецца шмат новага; уменне Насовіча ўзяцца за справу, уменне, спалучанае з магчымасцю рабіць і правяраць назіранні на месцы, выклікае яшчэ большую павагу да яго. І. Сразнеўскі раіў Аддзяленню прасіць І. Насовіча як добрасумленнага даследчыка, які грунтоўна ведае асаблівасці беларускай мовы, працягваць запісы народнай творчасці, прысылаць іх у Акадэмію68. Да падборкі беларускіх прыказак і прымавак69, якая была надрукавана ў «Известиях Академии наук», І. Насовіч склаў слоўнічак на 227 адзінак – «Объяснения к белорусским пословицам и поговоркам»70, які быў першай лексікаграфічнай спробай аўтара. У слоўніку перш за ўсё ішлі пошукі, выпрацоўваліся спосабы тлумачэння слоў. Арыентуючыся на рускага чытача і дбаючы пра даходлівасць прыказак, І. Насовіч перакладаў незразумелыя словы (жартаваць – шутить, зычиць – желать, советовать; кабат – кафтан, кепики – шуточки), пры неабходнасці даваў апісальныя тлумачэнні (гули – в праздности проводимое время; жданка – кушанье, ради которого ждут гостя; ляда – вырубка леса для пашни). Тлумачэнням яшчэ не хапала канкрэтнасці, дакладнасці, гэта былі першыя практыкаванні ў лексікаграфічнай справе.
Лёс першых дзвюх частак крыху іншы: ім не давялося быць надрукаванымі. «Опыт краткого филологического наблюдения о белорусском наречии»71 захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук СССР у Ленінградзе, тут зберагаецца і «Собрание белорусских слов по алфавиту»72. У кароткай прадмове да яго І. Насовіч выказвае некаторыя меркаванні адносна паходжання беларускіх слоў. У беларускай лексіцы ён выдзяляе групу слоў, якія ўтварыліся ад гукаперайманняў, групу слоў рускага і славянскага кораняў, запазычанні з іншых моў і ўласна беларускія словы, якія і складаюць «Собрание белорусских слов по алфавиту». Гэтую працу сам аўтар не лічыць поўнай і бездакорнай. Каб мець поўны і дасканалы збор беларускіх слоў, на думку І. Насовіча, назіранні патрэбна весці не ў адной мясцовасці: кожны павет можа мець свае, асаблівыя словы73.
Слоўнічак займае 56 старонак і змяшчае 2224 артыкулы, а слоў значна больш, бо некаторыя артыкулы распрацаваны гнездавым спосабам. Каб перадаць асаблівасці беларускага вымаўлення, аўтар распрацаваў сістэму ўмоўных абазначэнняў да галосных. У рэестр увайшлі беларуская народная лексіка, уласныя імёны (Авсей, Авхим, Мацей, Солоха, Церех), гукапераймальныя словы, выклічнікі. Народная фразеалогія таксама часткова трапіла як ілюстрацыйны матэрыял, асобныя фразеалагічныя словазлучэнні ў рэестры займаюць спецыяльнае месца адпаведна з апорным словам. Фразеалагізмам звычайна даецца адвольны пераклад ці апісальнае тлумачэнне на рускай мове, зрэдку адзначаюцца сітуацыі, пры якіх фразеалагізм выкарыстоўваецца. Гульма гуляць – безпрестанно гулять, проводить время в праздности, вести разгульную жизнь. Кошели плесть – врать. Смычков перевоз – самое критическое положение и несчастное приключение. Чубы дзелиць – драться между собой.
Перад складальнікам стаяла шмат розных праблем, і перш за ўсё турбавала праблема рэестру: як быць са словамі, вытворнымі ад загаловачнага, як падаваць словы з памяншальнымі і павелічальнымі суфіксамі, як будаваць артыкулы з мнагазначнымі словамі, дзе знайсці месца для марфалагічных і фанетычных варыянтаў слова? Некаторыя з гэтых пытанняў і на сённяшні дзень з’яўляюцца дыскусійнымі, таму можна ўявіць становішча складальніка, які працаваў, не маючы дастатковага вопыту і кваліфікаваных кансультацый. І ўсё-такі большасць пытанняў у некаторай ступені знайшла сваё вырашэнне.
У аснове будовы рэестру ляжыць алфавітны парадак размяшчэння слоў, але ў асобных выпадках ён парушаецца. Словы, утвораныя суфіксальным і прэфіксальным спосабамі ад загаловачнага і семантычна аб’яднаныя з ім, калі падаць іх у адпаведнасці з алфавітам, вымушалі складальніка часта паўтараць адны і тыя тлумачэнні поўнасцю ці з невялікімі зменамі, апрача таго, слова аддалялася ад сваіх семантычна роднасных адзінак, а памер слоўніка павялічваўся. Таму для вытворных слоў з выразнымі марфалагічнымі і сэнсавымі сувязямі І. Насовіч выбраў гнездавы метад групавання, пры якім загаловачнае слова з улікам алфавіту займае сваё месца ў рэестры, а вытворныя падаюцца, групуюцца вакол яго. Характэрна, што загаловачнымі словамі звычайна выступаюць дзеясловы, назоўнікі і прыметнікі. Адзін артыкул распрацоўваецца на словы годоваць, выгодоваць, подгодоваць, взгодоваць; разам падаюцца крама, крамник, крамный. Для паўнаты ўяўлення пададзім як прыклад артыкул з загалоўкам Церебиць. Церебиць – чистить, истреблять, вырубать негодный лес; обчищать клюв, подобно птице; есть с жадностью и с жаром выговаривать; расцеребиць – вырубить лес, сделать поляну; обцеребиць – обрубить сучья и обыграть; нацеребиць – наговорить колкостей. Правду матку цере́биць – выговаривает дельно. Цереби сват капусту; коли б ты не под’ехав, свинни б поели – убирай сват капусту, если б ты не приехал, отдали бы свиньям. Происходит от теребить – истреблять.
Словы з павелічальнымі і памяншальнымі суфіксамі таксама групуюцца пры асноўным слове. Так, словы званок, званочак падаюцца каля невытворнага звон, адным артыкулам даюцца словы кнот і кноцик, пасля скиба, скибка, скибачка, затым хлопец і хлапчына, щура і щурка (мыш), глёк і глячок, зязюля і зязюлька і інш. Толькі памяншальнае баничка ад банька ’кольцо у сбруи’, відаць, па недаглядзе заняло самастойнае месца; барилка і барилочка падаюцца адным артыкулам, але асобна ад барило, відаць, таму, што яно мае пераноснае значэнне.
У «Собрании белорусских слов по алафавиту» І. Насовіч правільна вырашыў пытанне падачы мнагазначных слоў і амонімаў. Выявіць у слове ўсе значэнні не заўсёды проста, бывае цяжка ўстанавіць, ці гэта адценне значэння, ці спецыфічнае ўжыванне слова са звычайным значэннем, ці новае самастойнае значэнне. Складальнік занатаваў нямала мнагазначных слоў, але, падаючы іх у слоўніку, вельмі нясмела падкрэсліваў другасныя значэнні, не падаваў за адпаведнымі нумарамі, а толькі заўвагамі агаворваў пераноснае значэнне пры асноўным. Так, у слове барыла як асноўнае падае значэнне ’собственно порядочный боченок’ і далей робіць заўвагу «но употребляется только в бранном смысле и значит великий дурак»; у слове вар вылучае два значэнні ’кипяток’ і ’сильный зной’. Насеканик – палка с насечками и изуродованный оспою. Цецера – тетёрка и бранное слово ротозей. Здараецца, што асноўнае значэнне слова апускаецца і падаецца толькі пераноснае. Хамут – бранное слово, мужик, ролейник. Чесаць – бежать. Бандура – бранное слово, великий дурак и неуклюжий в возрасте.
Амонімы ў слоўніку падаюцца асобнымі артыкуламі. Гостинец – привозный от гостей подарок. Госцинец – торная дорога, особо с канавами. Полоник – чумичка, разливная деревянная ложка, половник. Полоник – головастик, из которого образуется лягушка. Але словы-амонімы люлька ’колыска’ і люлька ’трубка’ аказаліся ў адным артыкуле.
У нарыхтаваных для слоўніка матэрыялах занатавана па некалькі фанетычных, марфалагічных варыянтаў слова. Насовіч прыняў за правіла падаваць іх адным артыкулам, за адным тлумачэннем. Так, словы блазен і блазён ’несмысль, глупый дурачок’, болона і болонина ’поляна’, воконница і буконница ’ставня’, загана і заган ’порок, изъян’, каменок і каминок ’камин’, крупеня і крупник ’простая похлебка из круп’, маланка і молодня ’молния’, мень і мянтуз ’налим-рыба’, скаголиць і скуголіць ’голосить, более свойственно детям’, тайстра і кайстра ’котомка’ аб’яднаны пад адным загаловачным словам.
Адсылкамі аўтар карыстаецца абмежавана і звяртаецца да іх, каб паказаць варыянты слова, устанавіць семантычныя сувязі, падкрэсліць этымалогію. Так, ад слова айдзе (вопросит. союз где) даецца спасылка на идзе; тавриць – чавриць; ад дзеньковаць да дзяковаць; ад выжиливацьца да жилиць и жилицься.
Беларускія словы аўтар пераклаў на рускую мову адным або некалькімі беспамылкова падабранымі адпаведнікамі. Бизун – плеть. Важко – тяжело. Головешка – головня, ожиг. Грунтовно – основательно, фундаментально. Докучаць – беспокоить, надоедать. Жировацьца – пресыщаться, роскошествовать. Чары – очарование, колдовство, туман. Чмут – обманщик, шут, балагур, лгун и пустомеля.
Семантычная характарыстыка слова даецца апісальна, гэтым спосабам аўтар карыстаецца нават тады, калі можна было б абмежавацца рускім адпаведнікам. Для тлумачэнняў І. Насовіча характэрны дакладнасць і даходлівасць. Аргуш – лист вообще бумаги, жести и проч. Балька – перакладина в потолке дома или сарае. Шкалик – стекляный штофик с известною мерою водки. Юдзиць – поступать лукаво; выюдзиць – выманить что-либо лукавством.
Даволі часта аўтар слоўніка замест тлумачэння робіць этымалагічныя экскурсы і падае параўнанні з іншымі словамі. Этымалогія шмат якіх слоў па-сапраўднаму навуковая. Так, па этымалогіі аўтара, слова берема ’ноша’ паходзіць ад слова бремя; балазе ’хорошо, лучше’ ад славянск. благо, блазе; боизко – ад боязнь. Слова макацёр ’глиняный поставец и вазон’, на думку Насовіча, утварылася са слоў мак и тереть. Нажма ’топкое место’ ўтварылася ад нажимать. Разынки – изюм. происх. от франц. raisin. Шчурка – мышка. Щура – мышь, по польски szczur. Жмаки – выжимки, происходит от жму. Поклёп – подозрение, происходит от клепать «клеветать».
У слоўніку ёсць і такія высновы, з якімі пагадзіцца нельга, бо створаныя яны без глыбокага аналізу слова; этымалагічныя даведкі тут надуманыя, непераканальныя, наіўныя. Пададзім некалькі разважанняў такога характару. Блышить – дурачить, туманить, обманывать, а особенно посредством нашептывания. Ат! блышыт! Туманит! пустое болтает. Оно есть или сложное слово балы шить, балы точить или испорченное слово от блажить ’дурачить’. Бляха – жесть. Кажется можно произвести от блеск. Этымалагічныя тлумачэнні і разведкі для такога тыпу слоўнікаў увогуле неабгрунтаваныя, бо яны не могуць у поўнай меры раскрыць семантыку слова і падкрэсліваюць тое значэнне, якое слова мела раней, а сучаснае значэнне не заўсёды можа адпавядаць мінуламу.
Граматычныя і стылістычныя паметы выкарыстоўваюцца рэдка, бессістэмна, непаслядоўна. Хутчэй за ўсё іх трэба лічыць кароткімі аўтарскімі заўвагамі і рэмаркамі, якія ўзніклі ў працэсе складання слоўніка ў адносінах да асобных слоў. У выніку пры словах часам вызначаецца часціна мовы (прыслоўе, злучнік, выклічнік), падкрэсліваюцца асаблівасці і сфера ўжывання (множны лік, канчатак якога-небудзь склону, безасабовы дзеяслоў), робяцца спробы стылёвага размежавання (пераноснае, лаянкавае). Альбо – союз либо, или. Аяй – межд. радостного восклицания. Бамбиза – бранное слово на возрастного, неуклюжего. Вадзиць – безл. гл. вредно. Босонож – нар. босиком. Брахнико – зват. п. братец! Годовины – м. ч. годичное поминовение по умершем и годичное условие. Залоза – ед. ч. железа в теле, м. ч. залозьзя. Зюзька – боящийся холоду, слово укорительное. Ихный – местоим. притяж. их. Чужаница – общ. р. чужой, чуж чужаница – совершенно чужой.
Ілюстрацыйнаму матэрыялу беларускія лексікографы на той час яшчэ не надавалі вялікага значэння, навуковыя асновы слоўнікавай справы толькі закладваліся, і І. Насовіч, які пачынаў свой шлях у лексікаграфіі, безумоўна, не мог прыйсці да думкі аб неабходнасці прыкладаў-ілюстрацый у невялікім слоўнічку. Магчыма, былі ў складальніка адносна гэтага і іншыя меркаванні. Напрыклад, І. Насовіч называе сваю працу не слоўнікам, а «Собранием белорусских слов по алфавиту», і, мажліва, што такая назва была прычынай не падаваць прыкладаў да загаловачных слоў. Нагадаем, што недахопу ў ілюстрацыйным матэрыяле ў Насовіча не было: разам з «Опытом краткого филологического наблюдения о белорусском наречии» і «Собранием белорусских слов по алфавиту» ён выслаў 1000 прыказак, а ў слоўнічку выкарыстаў не больш чым дзве-тры. Лексікаграфічная практыка настойліва наводзіла на думку, што ілюстрацыйны матэрыял не толькі патрэбны для чытачоў, але і ў значнай ступені палягчае працу складальніка ў тым сэнсе, што прыклады дапамагаюць паўней зразумець семантыку слова і ў некаторай ступені кампенсуюць недакладнасці, дапушчаныя пры выяўленні яго значэнняў. Так у «Собрании белорусских слов по алфавиту» з’явілася некалькі артыкулаў, падмацаваных выразамі з жывой мовы, вытрымкамі з народнай творчасці. Прыклады, асабліва гутарковыя, браліся самыя кароткія, з двух-трох слоў. Зразумела, ім неставала лагічнай закончанасці, і слова не магло праявіць сябе ў натуральным асяроддзі. Ілюстрацыі з народнай творчасці падабраны больш удала і лепш выконваюць сваю ролю, аўтар перакладае іх на рускую мову. Вось некалькі артыкулаў такога тыпу. Бурколка – детская игрушка, производящая урчанье; в переносном смысле уста, как орудие ворчанья. Не бурчи, а то бурколку побью. – Не ворчи, не то по губам достанеш. Вариво – щи и вообще всё вареное жидкое кушанье. Уле́й якога варива. – Дай чего либо вареного. Вомиг – пересол. Вомиг вомигом. – Через чур пересолено. Ранница – утро вообще. Якая ранница! – Какое утро! Уежно – нар. в довольстве. Не уежно, дак улежно. – Хотя не доешь, так выспишься. Не сыто, по крайней мере спокойно.
«Собрание белорусских слов по алфавиту» – першая і не зусім дакладная лексікаграфічная спроба І. Насовіча. Тут складальнік толькі пачынаў асэнсоўваць асноўныя прыёмы лексікаграфічнай апрацоўкі слова, шукаючы найбольш прыймальныя, прыдатныя, рацыянальныя. Укладаючы слоўнік, І. Насовіч вытрымаў асноўныя лексікаграфічныя патрабаванні: сістэматызаваў словы ў алфавітным парадку, у рэестравых словах паставіў націскі, забяспечыў словы адпаведнымі тлумачэннямі. Але разам з алфавітным размяшчэннем слоў сустракаюцца элементы гнездавога, у аўтара не хапае цвёрдага навыку размежавання і падачы значэнняў слоў, не лепшым спосабам вырашаецца пытанне пра месца ў рэестры фанетычных і марфалагічных варыянтаў слова, абмежавана даюцца граматычныя характарыстыкі і стылёвае размежаванне слоў, не заўсёды ўстанаўліваюцца сінанімічныя, семантычныя, этымалагічныя сувязі паміж словамі. Нягледзячы на гэтыя недахопы, слоўнік дае магчымасць прасачыць, як ішло станаўленне беларускай лексікаграфіі, як удасканальвалася майстэрства І. Насовіча-лексікографа.
І. Насовіча не задавальняла аматарская праца ў галіне беларускай філалогіі, яму хацелася дасканала даследаваць беларускую лексіку, падрыхтаваць грунтоўнае выданне, якое пайшло б на карысць навуцы. Таму пасля смерці І. Грыгаровіча, які пачаў складаць «Словарь западнорусского наречия» і не давёў яго да канца, І. Насовіч настойліва прасіў Другое аддзяленне Акадэміі навук даручыць яму закончыць працу. Такой згоды атрымаць не ўдалося, але жаданне І. Насовіча ўзялі пад увагу і 29 верасня 1853 г. прапанавалі на матэрыялах «Актов, относящихся к истории Западной России» (Спб., 1846–1853) скласці слоўнік старажытных беларускіх слоў. І. Насовіч каля трох з паловай гадоў аддаў гэтай працы. У пачатку 1857 г. ён падаў слоўнік у Акадэмію навук. Спецыяльная камісія з акадэмікаў А. Вастокава, І. Сразнеўскага і М. Каркунова станоўча ацаніла слоўнік і раіла да друку, аўтара ў 1865 г. узнагародзілі Увараўскай прэміяй, але слоўнік так і застаўся ляжаць у рукапісе.
Слоўнік старажытнай мовы І. Насовіча займае 1110 старонак вялікага фармату і налічвае каля 12 тысяч рэестравых слоў. Перад слоўнікам падаюцца прадмова і спіс скарачэнняў. Падрабязны аналіз гэтай працы дэталёва зроблены А. Жураўскім і І. Крамко74. Коратка пералічым, якія ўдасканаленні ўвёў І. Насовіч у практыку лексікаграфічнай апрацоўкі слова ў параўнанні з «Собранием белорусских слов по алфавиту», сваёй папярэдняй працай.
У слоўніку старажытнай мовы І. Насовіч строга вытрымаў алфавітны парадак размяшчэння ўсіх слоў, у тым ліку іх фанетычных і марфалагічных варыянтаў, шырока скарыстаўшы сістэму адсылак. На памяншальныя і павелічальныя формы слоў адводзяцца самастойныя артыкулы, загаловачныя словы падаюцца ў пачатковай форме, праўда сустракаюцца абгрунтаваныя адступленні ад гэтага правіла. У слоўніку знайшлі адлюстраванне мнагазначнасць слова і аманімія. Кожнае загаловачнае слова мае свой сталы граматычны каментарый для кожнай часціны мовы: адзначаецца часціна мовы, род для назоўнікаў, трыванне для дзеясловаў і г. д. Стылістычныя паметы паказваюць сферу ўжывання слова, яго памяншальныя, зневажальныя формы і інш. Для тлумачэння беларускай лексікі выкарыстоўваюцца рускія адпаведнікі, філалагічныя апісанні, этымалагічныя даведкі, параўнанні з іншымі мовамі. У склад слоўнікавых артыкулаў уваходзіць дакладна пашпартызаваны ілюстрацыйны матэрыял.
Працуючы над слоўнікам старажытнай мовы, І. Насовіч глыбока вывучыў лексіку беларускіх актаў і асаблівасці яе ўтварэння. Было відаць, што пісьмовыя помнікі трапілі не ўсе словы, якія існавалі ў мове. І. Насовіч склаў і 30 красавіка 1858 г. паслаў у Акадэмію навук «Извлечение из алфавитного указателя старинных слов, которые по словопроизведению должны были существовать, хотя в Актах западной России их не имеется»75. Гэты слоўнік з рэестрам у два слупкі займае больш чым 14 старонак і змяшчае 1086 слоў.
Слоўнік старажытнай беларускай мовы разам з дадаткам пакуль што застаецца самай вялікай працай беларускай гістарычнай лексікаграфіі. У працэсе складання яго І. Насовіч дасканала авалодаў майстэрствам лексікографа, набыў вопыт выяўлення і тлумачэння значэння слоў, выпрацаваў асноўныя крытэрыі адбору слоў і план слоўніка жывой народнай мовы.
Ад задумы скласці грунтоўны слоўнік беларускай мовы І. Насовіч не адступаўся: з 1848 г. паралельна з іншымі заняткамі па беларускай філалогіі ён карпатліва працаваў над вялікім беларускім слоўнікам і не пераставаў хадайнічаць, каб атрымаць афіцыйную згоду на яго складанне. Нарэшце пасля доўгіх і настойлівых намаганняў у 1861 г. Аддзяленне рускай мовы і славеснасці Акадэміі навук прапанавала І. Насовічу падаць беларусскі слоўнік на конкурс, дзе працу адзначылі Дзямідаўскай прэміяй (1863). Толькі ў 1870 г. «Словарь белорусского наречия» быў надрукаваны. Прайшло больш за сто гадоў пасля выхаду слоўніка ў свет, але крытычнага аналізу гэтай працы і да сённяшняга дня няма. Па некалькі абзацаў ці нават радкоў слоўніку ў розныя часы ўдзялялі І. Сразнеўскі76, М. Шапіра77, Я. Карскі78, М. Суднік79, Е. Казачок і Л. Рубцова80, Я. Камароўскі81. Слоўнік І. Насовіча атрымаў высокую ацэнку спецыялістаў, і з пазіцый сённяшняй лексікаграфічнай навукі трэба вызначыць, у чым і ў якой ступені яму можна давяраць, дзе праца патрабуе асцярожнай крытыкі і ўдакладненняў.
Стварэнне кожнага слоўніка заўсёды абумоўліваецца пэўнымі прычынамі, і лексікограф, беручыся за працу, заўсёды павінен глыбока ўсведамляць яе мэту, бачыць яе прызначэнне. Якая мэта стаяла перад складальнікам «Словаря белорусского наречия» І. Насовічам?
Як у першай, так і ў другой палове ХІХ ст. у поглядах на беларускую мову не было адзінства. Адны даследчыкі (Б. Ліндэ, М. Надзеждзін, М. Максімовіч) лічылі яе самастойнай славянскай мовай, другія (І. Сразнеўскі, А. Сабалеўскі) разглядалі беларускую мову як адгалінаванне рускай або польскай мовы. Нягледзячы на адсутнасць адзінага погляду на беларускую мову, багатая старажытная пісьмовая спадчына беларускага народа звярнула на сябе ўвагу ў сувязі з інтэнсіўным этнаграфічным і гістарычным вывучэннем Беларусі. У апублікаваных помніках беларускага пісьменства было шмат нерасшыфраванага, незразумелага. І. Грыгаровічу прапанавалі стварыць такі слоўнік, які дапамог бы чытаць пісьмовыя помнікі, але гэта праца не была закончана. Тады І. Насовіч на матэрыяле актаў і грамат склаў «Алфавитный указатель старинных слов», у якім толькі часткова ахапіў беларускую старажытную лексіку.
Шмат цікавых і каштоўных звестак захавалася і ў беларускай народнай мове, але яна яшчэ зусім не вывучалася. Тады І. Насовічу было даручана скласці слоўнік, які сістэматызаваў бы лексіку жывой народнай мовы і быў бы адначасова крыніцай для лінгвістычных даследаванняў беларускай мовы і дапаможнікам пры чытанні старажытных помнікаў пісьменства. Мэта «Словаря белорусского наречия», як бачым, больш шырокая і складаная, чым мэта прац І. Грыгаровіча і С. Мікуцкага.
Асноўнымі матэрыяламі для слоўніка былі ўласныя запісы І. Насовіча з жывой народнай мовы. Адсюль аўтар выбіраў словы для рэестравай часткі слоўніка і чэрпаў ілюстрацыйны матэрыял. Запісы інтэнсіўна і пастаянна вяліся ў Магілёўскай губерні ў ваколіцах Мсціслава і склалі самую значную частку слоўніка. Частыя пераезды І. Насовіча па службовых справах з аднаго месца на другое таксама садзейнічалі накапленню матэрыялаў для слоўніка, давалі магчымасць глыбей пазнаёміцца з жывой мовай беларускага народа. Так, для слоўніка былі запісаны матэрыялы ў Мінскай, Гродзенскай і Віленскай губернях. Гэтымі чатырма губернямі і акрэсліваюцца тэрытарыяльныя межы, ахопленыя слоўнікам, але колькасць лексікі з апошніх трох губерняў нязначная. І. Насовіч больш за 30 гадоў збіраў і даследаваў беларускі фальклор і выдаў некалькі зборнікаў: вусная народная творчасць беларусаў таксама была крыніцай «Словаря белорусского наречия». Складальнік выкарыстаў свой раней складзены «Алфавитный указатель старинных белорусских слов», «Собрание белорусских слов по алфавиту» і слоўнікі-дадаткі да фальклорных прац. Не засталіся па-за ўвагай І. Насовіча нешматлікія матэрыялы, надрукаваныя ў тагачасных перыядычных выданнях і ў асобных фальклорных і этнаграфічных зборніках (Я. Чачота, Р. Зянкевіча і інш.). Працы І. Грыгаровіча і С. Мікуцкага таксама былі выкарыстаны як крыніцы «Словаря белорусского наречия».
Багацце сабраных матэрыялаў дазволіла І. Насовічу скласці самы поўны на той час і адносна закончаны слоўнік, у які увайшло больш за 30 000 слоў. Гэты слоўнік зберагае народную лексіку, сабраную за кароткі час у 50–60 гады ХІХ ст.; ён цікавы не толькі як даведнік, дзе можна знайсці тлумачэнне таго ці іншага слова, але і як гістарычны помнік, у якім адлюстраваны самыя розныя бакі народнага жыцця той эпохі.
І. Насовіч умела пераймаў лепшыя традыцыі рускай лесікаграфіі, у прыватнасці, такіх прац, як «Опыт областного великорусского словаря» і асабліва «Словарь церковнославянского и русского языка, составленный Вторым отделением Академии наук» (1847). Апошняя праца служыла, па-першае, узорам лексікаграфічнай апрацоўкі беларускай лексікі, па-другое, з дапамогай гэтага слоўніка І. Насовіч будаваў рэестр «Словаря белорусского наречия». У свой слоўнік ён уключыў перш за ўсё лексіку, якая не ўвайшла ў «Словарь церковнославянского и русского языка». Напрыклад, у «Словаре церковнославянского и русского языка» змешчаны словы базар, базарный, базарить; Насовіч у сваёй працы пералічаных слоў не падае, а ў рэестр уключае новыя аднакаранёвыя словы: базаринка, базаринок, базарник, базарница, базарничаць, базарное, базарный, базарский. Прытым базарный у «Словаре церковнославянского и русского языка» – прыметнік са значэннем ’относящийся к базару, рыночный’; у слоўніку Насовіча базарный – субстантываваны прыметнік са значэннем ’чиновник, наблюдающий за порядком на рынке, за сбором пошлин торговых и за другими предметами касательно рынка’. Наглядна пераканацца ў тым, як І. Насовіч выкарыстоўваў «Словарь церковнославянского и русского языка», адбірабчы словы для рэестра, дапаможа прыведзенае ніжэй параўнанне.
У рэестры «Словаря церковнославянского и русского языка» (СЦСРЯ) | У рэестры «Словаря белорусского наречия» (СБН) |
Акци́зный, акци́з. Арши́нник, арши́нный, арши́нчик, арши́н. Атла́сец, атла́сик, атла́сить, атла́ситься, атла́сный, атла́с. Гиба́ло, ги́баница. Гуж, гужи́ще, гужевы́й, гуже́м ’на возах, извозом’. |
Акцы́зник, акцы́зничек, акцы́зный, акцы́з. Арши́новый. Атла́совый. Гиба́ць. Гу́жем ’один за другим’. |
У «Словарь церковнославянского и русского языка» ўвайшлі словы артист, бальзам, басист, беглец, беглянка і інш., якія ў беларускай мове адрозніваюцца фанетычнымі і марфалагічнымі прыкметамі, і ў «Словаре белорусского наречия» зафіксаваны артыста, бальсам, басиста, бегляк, беглячка.
«Словарь белорусского наречия» падае словы з аднолькавым гукавым і марфемным складам, як і «Словарь церковнославянского и русского языка», але з іншымі лексічнымі значэннямі. Напрыклад, абодва слоўнікі падаюць слова дрот, але лексічныя значэнні яго не супадаюць: дрот ’небольшое копье на коротком древке для метания в неприятеля’ (СЦСРЯ) і дрот ’проволока’ (СБН), буза ’напиток, делаемый из муки гречневой, овсяной и части проса’ (СЦСРЯ) і буза ’подонки’ (СБН).
У «Словаре белорусского наречия» І. Насовіч свядома не падаў слоў, агульных для беларускай, рускай і ўкраінскай моў. У рэестры не знойдзем слоў галава, год, вечар, воз, дом, гара, рука, стол і інш. Некаторыя словы не ўвайшлі ў рэестр, відаць, выпадкова. Напрыклад, у слоўніку Насовіч тлумачыць словы абуза, абузник, абузница, абузничиць, абузный; відавочна, што ў мове ёсць прыслоўе абузна, але яго не знаходзім ў рэестры. З шэрагу слоў воркотня, воркотуння, воркотун, воркотуха, воркоцик выпаў дзеяслоў воркотаць; пасля слоў гончарка, гончароваць у рэестры належала падаць гончар; пасля маляриха, малярня, маляровая, маляровна, маляровачка, маляров, малярский – маляр. Як бачым, слоўнік І. Насовіча не ахапіў усё лексікі, характэрнай для Магілёўшчыны, тым больш няма падстаў гаварыць, што слоўнік дае сістэмнае апісанне беларускай лексікі ўвогуле. Лексікаграфічныя працы такога тыпу акадэмік Л. Шчэрба называў слоўнікамі-даведнікамі, бо яны складаюць «собрание» слоў, «так или иначе отобранных, которое само по себе никогда не является каким-то единым фактом реальной лингвистической действительности, а лишь более или менее произвольным вырезом из нее»82.
У слоўніку І. Насовіч падаў асобныя геаграфічныя назвы (Амцислав, Пицер), уласныя мужчынскія і жаночыя імёны і іх памяншальныя формы (Авдотка, Авдоцця, Авдуля, Авлас, Авсей, Автух, Авхим, Адарка, Адарочка, Атрох, Габрусь, Климаш, Косцюк).
Свайго вырашэння пры складанні «Словаря белорусского наречия» патрабавала праблема размяшчэння ў рэестры фанетычных і марфалагічных варыянтаў слова. Адзначым, што ў слоўніку сабраны назоўнікі, прыметнікі, прыслоўі, якія маюць фанетычныя, марфалагічныя варыянты. Як правіла, І. Насовіч падаваў іх у адным артыкуле. А́грист и а́груст – крыжовник. Впоко́т и впо́коць – рядом, один подле другого. Мали́нник и мали́новик – питейный мёд, настоенный на малине. Отпочи́вок и отпочи́нок – отдых, отдохновение. Амша́ра и амша́рина – место, поросшее мохом. Самохо́ць и самохо́ццю – самоохотно, по доброй воле.
Здавалася б, што на той самай падставе, як і раней пералічаныя словы, павінны быць аб’яднаны ў адным артыкуле варыянты заходзень і заходзец ’захожий’, згубец і згубца ’губитель’, неслух і неслуш ’непослушный, ослушник’, осцень і осцюк ’ость, попадающаяся в пушном хлебе’, севалка і севня ’лукошко, из которого сеют зерновой хлеб’, цеплик і цепляк ’утренник, утренний мороз’ і інш. Алем аўтар слоўніка на адпаведным месцы падаў кожнае слова як загаловачнае, забяспечыўшы варыянты ўзаемнымі спасылкамі. У адным артыкуле змяшчаюцца словы з варыянтным націскам: а́жно і ажно́, бли́жей і ближе́й, да́внина і давнина́, дармо́ і да́рмо, мо́вком і мовко́м, жни́во і жниво́, поды́споддзе і подыспо́ддзе і інш. Марфалагічна блізкія і семантычна аднолькавыя словы, якія адрозніваюцца катэгорыяй роду, аб’яднаны ў адзін слоўнікавы артыкул: азарода і азарод, мурога і мурог, размирица і размир.
Памяншальныя, змякчальныя формы назоўнікаў змяшчаюцца пры загаловачным слове ў пачатковай форме. Застольник, ум. застольничек. Нахлебник. Тлусцяк, ум. тлусцячок. Толстяк. Перина, ум. перинка. Пуховик, пуховичок. Постацянка, смягч. постацяночка. Жница. Цвёрдай паслядоўнасці ў падачы памяншальных і змякчальных форм назоўнікаў няма: словы завязочка, звадка, сенничок, склепик (памяншальныя ад завязка, звада, сенник, склеп) распрацаваны як самастойныя артыкулы.
Назоўнікі жаночага роду, якія супадаюць семантычна і звязаны марфалагічна з адпаведнымі назоўнікамі мужчынскага роду, падаюцца, як правіла, у адным слоўнікавым артыкуле, тады, калі іх алфавітнае месца ў рэестры побач. Докучник, а, с. м. и докучница, ы, с. ж. Неотвязный человек; назойливый хлопотун, нья, проситель, ница. Жигун, а, с. м. и жигуння, и, с. ж. 1) Любящий, ая везде подсмотреть. 2) Проворный, ная. 3) Ябедник, ница. Калі значэнні суадносных назоўнікаў жаночага і мужчынскага роду супадаюць, тады абодва гэтыя назоўнікі выступаюць як як загаловачныя ў розных артыкулах. У слове небощик, напрыклад, Насовіч занатаваў два значэнні: ’покойник’, і ’пропавшая совершенно вещь’, а ў слове небощица толькі адно – ’покойница’, таму словы небощик і небощица разглядаюцца ў асобных артыкулах. Па той самай прычыне занялі самастойныя месцы ў рэестры словы жебрачка і жебрак, сумесник і сумесница і інш.
Разглядаць у самастойных артыкулах суадносныя назоўнікі мужчынскага і жаночага роду ў некаторых выпадках вымагаў алфавітны парадак. Так, у рэестры назоўнік жаночага роду спевачка ад назоўніка мужчынскага роду спевака аддзяляюць словы спеваная, спеваныя, спеваный, спеваць, таму словы спевака і спевачка насуперак асноўнаму правілу, якога трымаўся Насовіч, падаюцца асобна. Паводле такіх меркаванняў распрацаваны артыкулы Супорат і Супоратка. Здараецца, што суадносныя назоўнікі мужчынскага і жаночага роду беспадстаўна раздзелены на самастойныя артыкулы. Побач стаяць у рэестры і не маюць розніцы ў значэннях, але падаюцца асобна назоўнікі ошукалка і ошукальник, подшивальник і подшивальница, трухляк і трухлячка, хитруння і хитрун, чаровник і чаровница.
Вялікія цяжкасці выклікаюцца і неабходнасцю дакладна выявіць значэнні слоў. Гэтая праца ў працэсе падрыхтоўкі слоўніка найбольш складаная і адказная, яна патрабуе павышанай увагі і асаблівых клопатаў. Беларуская лексікалогія ў другой палове ХІХ ст. толькі пачынала развівацца і не магла служыць тэарэтычнай базай для складання слоўніка, не было таксама ніводнага слоўніка, грунтоўнай працы, у якой былі б абагульнены дасягненні беларускай лексікаграфічнай практыкі. І. Насовіч усведамляў складанасць і навізну распачатай справы. У некаторай ступені дапамог той уласны вопыт, які ён набыў, складаючы «Собрание белорусских слов по алфавиту» і, асабліва, працуючы над «Алфавитным указателем старинных слов». І. Насовіч бачыў, што класіфікацыя значэнняў не можа грунтавацца на дэдуктыўна-лагічным прынцыпе падзелу і размяшчэння значэнняў слова. Задача выяўлення семантыкі слова заключалася ў тым, каб дакладна адасобіць канкрэтныя значэнні слова, размежаваць іх, не блытаючы з выпадкамі своеасаблівага выкарыстання слова. Таму на першае месца ў слоўнікавым артыкуле ён ставіў не абстрактна-лагічнае, а тое значэнне, якое лічыў больш даўнім. Пасля асноўных значэнняў слоў падаваў пераносныя і вытворныя. Характэрна, што фармулююцца значэнні сцісла, даступна, лагічна. Го́льник – веник, обтершийся от употребления. За́мець – метель, засыпающая снегом дорогу или поле. Ку́рница – курная, черная изба. Дзе́доваць – 1) Беседовать по стариковски. 2) Нищенствовать. Полотно́ – 1) Холст. 2) Плоская поверхность косы. 3) Сетчатое дно в решете. Вы́футроваць – 1) Подбить мехом, подшить мех под платье. 2) Вымазать глиною внутренность чего. 3) Выбранить порядочно, выругать.
Паўнатой і дакладнасцю характарызуюцца слоўнікавыя артыкулы з мнагазначнымі словамі арчак, бруснець, вор, выцеребка, войтоваць, грунтоваць, дударь, дощанка, драбины, куничное, лупежиць, маковка, мешень, сажелка, трутень, тупица і інш. Ужо зазначалася, што І. Насовіч шырока карыстаўся «Словарем церковнославянского и русского языка». Характэрна, што «Словарь белорусского наречия» пераўзыходзіць названы вышэй слоўнік, асабліва ў выяўленні і размежаванні значэнняў мнагазначных слоў. Напрыклад, слова глум у «Словаре церковнославянского и русского языка» адназначнае – ’шутка’, у «Словаре белорусского наречия» размяжоўваюцца тры значэнні. Глум –1) Дурь. 2) Небрежное употребление. 3) Шутка. У слове арчак ’деревянный седельный прибор’ з «Словаря церковнославянского и русского языка» І. Насовіч вылучыў тры значэнні. Арчак – 1) Лука у седла. 2) Пристяжь. 3) Пристяжная лошадь.
У семантычнай структуры мнагазначнага слова ёсць элементы старога, таго, што адмірае, адыходзіць у мінулае, і элементы новыя, жывыя, якія знаходзяцца на стадыі развіцця. У такіх словах выявіць і класіфікаваць усе значэнні і адценні не зусім проста, з-за гэтага ў слоўніку бываюць выпадкі празмернага драблення, нематываванага выдзялення значэнняў слова і нават часам няправільнага тлумачэння. Не ўнік такога недахопу і слоўнік Насовіча. Так, няма падстаў у слове сеченка паказваць два значэнні – ’изрубленные сечкою стебли огородных растений для корма свиней’ (Сеченкою прикармливаем свиней) і ’изрубленная солома для кормления лошадей и коров, сечка’ (Сеченку подмешиваем в овёс). Нематываванае выдзяленне двух значэнняў і ў слове масць, з якіх на першае месца пастаўлена ’состав для пластыря, мазь’ (Масць от скулки) і на другое – ’состав, употребляемый при прививании черенков’ (Садовая, прищепная масць) і інш. Здаралася, што складальнік адступаў ад свайго прынцыпу падачы значэнняў, парушаў храналагічную паслядоўнасць. Значэнне прыметніка вишнёвенький Насовіч падае ў адваротным парадку. Вишневенький – 1) Раскрасневшийся от употребления вина. Мой мужик став вишневенький. 2) Свойственный вишням. Куплю тобе хатку, ещё сеножатку, и ставок, и млынок, и вишневенький садок.
У слоўніку не вытрымліваецца цвёрды парадак размежавання значэнняў, а паказваў аўтар, як правіла, усе значэнні: і асноўнае, і пераноснае або рабіў на іх спасылку. Так, у слове арясина занатавана асноўнае значэнне ’длинная хворостина’ і пераноснае ’высокорослый, но не складный молодой человек’; у слове труба аўтар падкрэслівае, што яно «кроме известного значения», мае пераноснае ’пражора’ (Труба ты чортова! Коли ты нажрешся?). У артыкулах Выжла, Киснуць, Списаць, Труба складальнік не падаў асноўных, агульнавядомых значэнняў, абмежаваўшыся толькі пераноснымі. Напрыклад, да назоўніка выжла даецца тлумачэнне ’мальчик или девочка, надоедающие своим проворством или вмешательством не в своё дело’, якое трэба разглядаць як пераноснае, вытворнае ад выжла, выжел ’гончая собака’. Дзеяслоў списаць складальнік без агаворкі пакінуў толькі з пераносным значэннем ’наделать на теле кровавых знаков розгами или плетью’.
«Словарь белорусского наречия» І. Насовіча дапаўняе тыя значэнні, якія фіксуюцца «Словарем церковнославянского и русского языка». Дзеяслоў греть, у якім «Словарь церковнославянского и русского языка» вылучае тры значэнні: ’производить теплоту’, ’делать горячим посредством огня’, ’защищать от стужи’, у слоўніку І. Насовіча атрымаў яшчэ адно значэнне ’бить больно’.
Як вядома, у практыцы ўкладання слоўнікаў адной з найбольш складаных з’яўляецца праблема амонімаў. Амонімы часцей за ўсё ўтвараюцца ў выніку распаду полісеміі слоў, таму граніцы паміж мнагазначнасцю слова і аманіміяй няўстойлівыя і рухомыя. Укладальніку слоўніка часта бывае цяжка вызначыць, дзе канчаецца мнагазначнасць і дзе пачынаецца аманімія. Насовіч у большасці выпадкаў паспяхова вырашае гэтую праблему. Напрыклад, у слоўніку да амоніма годзиць распрацаваны тры артыкулы, у адным з іх Насовіч паказвае мнагазначнасць слова. Падаем гэтыя артыкулы поўнасцю.
Годзи́ць, жу, дзиш, сов. Погодзиць, гл. ср. Временить, ожидать. Чего ты будеш годзиць тут, погодзили, да й поедзем. Годзи́ць, жу, дзиш, сов. Догодзиць, гл. ср. Угождать, делать угодное. Годзиш ему, як лихой скуле; в одном не догодзи й ўсё пропало. Годзи́ць, жу, дзиш, гл. д. 1) Мирить две противныя стороны. Ты их годзиш, а ены в вир гледзяць. 2) Склонять к миру неприятеля. Годзи его скорей, не погодзиш, будзець худо. 3) сов. Згодзиць, догодзиць. Договариваць. Годзиць, догодзиць, згодзиць на год работника.Як самастойныя словы Насовіч падае назоўнікі брук ’каменная настилка’ і брук ’самая быстрина реки’, заспа ’засыпка’ (круп осталося тольки на одну заспу) і заспа ’долгий сон’ (от заспы вочы попухли), лик ’счет’ і лик ’лицо, очертание лица’. Але не ўсе амонімы выдзяляюцца ў асобныя артыкулы: пад адным загалоўкам аб’яднаны словы: лисица ’ліса’, лисица ’орудие для стискивания или сплочения досок, тиски’, лисица ’желтое пятно на одежде от спаления’; курта ’куртка’ і курта ’мальчик, служащий в горнице’; луг ’луг, особенно сенокосный’ і луг ’бук, щелок’; ляк ’сургуч’ і ляк ’испуг’.
«Словарь белорусского наречия» – першая лексікаграфічная праца, у якой словы паслядоўна атрымліваюць дэталёвую граматычную характарыстыку. У папярэдніх падборках слова і слоўніках, за выключэннем слоўніка С. Мікуцкага, граматычныя паметы, рэмаркі былі з’явай рэдкаснай і выпадковай, пра сістэматычнае іх выкарыстанне нельга і гаварыць. Не надаваў увагі граматычным паметам і Насовіч у «Собрании белорусских слов по алфавиту», але ўжо ў «Алфавитном указателе» ён уводзіць як абавязковы лексікаграфічны прыём граматычную характарыстыку слова. Складаючы «Словарь белорусского наречия», Насовіч выпрацаваў адзіныя правілы, якія дазволілі паслядоўна і ў пэўнай сістэме паказаць граматычныя асаблівасці кожнай часціны мовы. Асноўная граматычная характарыстыка назоўнікаў заключаецца ў вызначэнні іх канчаткаў роднага склону назоўніка. Ки́лим, а, с. м. Большой ковёр или войлок. Ладка, и, с. ж. 1) Оладья. 2) Удар по ладони чем-либо в роде наказания. Лазурка, и, с. ж. Синяя краска, лазурь. У слоўнік увайшлі нескланяльныя назоўнікі са спецыяльнымі паметамі. (Ре́бе, с. м. нескл. Господин).
Субстантываваныя прыметнікі і займеннікі маюць памету «в знач. с.», род і канчатак роднага склону. Вартовое́, ого, в знач. с. ср. Платеж за стражу. Свенцоное, наго, в знач. с. ср. Пасхальное, освященное. Сама, ой, в знач. с. ж. Хозяйка дома. Сам, ого, в знач. с. м. Хозяин дома. Агаворваюцца назоўнікі, якія не маюць адзіночнага ліку, зборныя назоўнікі агульнага роду. Выга́ды, ов, с. м. употр. во мн. Выдумки, затеи. Вло́вы, ов, с. м. употр. во мн. Охота, лов. Кло́чче, я, с. ср. собир. Клочки чего-либо волокнистого, хлопье. Калі ўтварэнне роднага склону выклікае цяжкасці ці мае свае асаблівасці (беглыя галосныя, чаргаванне гукаў, змяненне месца націску), то форма роднага склону паказваецца ўсёй той часткай асновы, дзе адбываюцца змены, і канчаткам ці нават цэлым словам. Клине́ц, нца, с. м. Клинообразный выжимок, оставшийся от выбоя конопляного масла. Рознопа́нец, нца, с. м. Человек другого господина. Ручей, ччя, с. м. Ручей, чья.
У некаторых назоўнікаў разам з флексіяй роднага склону вызначаны іншыя формы (форма назоўнага склону множнага ліку, асобныя формы ўскосных склонаў адзіночнага і множнага ліку). Дадатковыя звесткі пра склонавыя формы падаюцца тады, калі ва ўтварэнні ёсць адступленні ад агульнапашыранай нормы. Моля́, и, твор. Молёю, с. ж. Моль. Морг, а, множ. Морги́, ов, с. м. Известная мера сенокосного луга. Свато́ве, мн. число с. м. сват. Во́цэт, у и цту, с. м. Уксус. Родочек, чка и чку, с. м. смягч. слова Род.
Складальнік улічваў семантычна-структурныя асаблівасці назоўнікаў, якія ўжываюцца толькі ў адзіночным ліку са значэннем непадзельнага цэлага, і паметай «собират.» адзначаў катэгорыю зборнасці, але дапускаў у гэтых адносінах непаслядоўнасць. Назоўнікі клочче ’клочки чего-либо волокнистого, хлопье’, хлобоззё ’хворост, сучья’, ботовьё ’стебли огородных растений’, птушше ’птицы’, шмаццё ’лоскутьё, куски’ маюць памету «собират.», а аднатыпныя рагаччо ’сучья от дерева’, рагоззе ’грубый холст, подобный рогоже’, риззе ’лохмотья, ветошь’ засталіся без такой паметы.
Як правіла, прыметнікі ў рэестр увайшлі ў поўнай форме назоўнага склону адзіночнага ліку мужчынскага роду. Волева́тый, прил. Имеющий на шее зоб. Глейкий, прил. Глинисто-вязкий. Дбалый, прил. Попечительный, досужий. Огурливый, прил. Ослушный, упрямый. Синявый, прил. Синеватый. Толькі асобныя прыметнікі падаюцца ў вышэйшай і найвышэйшай ступенях параўнання. Мильший, прил. срав. ст. от Милый. Мнейший, прил. сравн. ст. от Меньший. Можне́йший, прев. ст. прил. Можный. Богатейший. Зрэдку падаюцца канчаткі жаночага і ніякага роду (Божжий, жжа, жже, прил.), адзначаюцца прыналежныя прыметнікі (Асначо́в, пр. прит. Относящийся к судовщику. Войтов, пр. прит.).
Сярод лексікі розных семантычных і граматычных класаў занатаваны адзінкавыя прыклады лічэбнікаў, пераважна тых, якія сваім утварэннем адрозніваюцца ад рускіх. Колькасныя лічэбнікі ў загалоўку запісваюцца ў назоўным склоне, канчатак роднага склону для характарыстыкі лічэбнікаў неабавязковы. Дванаццаць, числ. колич. Часам падаюцца ў рэестры іншыя склонавыя формы лічэбнікаў. Двом, дат. п. числ. два мн. ч. муж. р. Двох, от два, числ. род. п. Пры лічэбніку пяць паказаны ўсе склонавыя формы. Пяць, ци, числ. Часто употребляется и во множ. ч. как-то: Р. Пяти и пяцёх вас мало. Д. Пяцю и пяцём вам не подамся. Парадкавыя лічэбнікі, так як і прыметнікі, падаюцца ў слоўніку ў адзіночным ліку мужчынскага роду. Двана́стый, числ. поряд. Трецций, числ. поряд.
Так, як і лічэбнікаў, займеннікаў у слоўніку мала, яны падаюцца звычайна ў пачатковай форме, часам у іншых склонах. Пры адных займенніках ёсць падрабязныя паметы, некаторыя зусім іх не маюць. Ваша, и, мест. личн. 2-го л. ед. ч. (говорится из вежливости к одному лицу). Ва́шиный, мест. прит. Свой, р. свойго и свого, д. свойму и свому. 1) мест. Свой. 2) в знач. сущ. Родственник. Тая, таей, см. мест. Тэй. Тэй-сей, мест. неопр.
Найбольш поўна ў слоўніку І. Насовіч занатаваў дзеясловы, распрацаваў да іх стройную сістэму граматычных памет: паказаў канчаткі 1-й і 2-й асобы адзіночнага ліку, трыванні дзеясловаў, спосабы слова- і формаўтварэння, аднакратнасць і шматкратнасць дзеяння, асабовыя адносіны. Як правіла, дзеясловы ў загалоўку стаяць у інфінітыве незакончанага трывання, але часам можна сустрэць і іншую загаловачную форму (дзеяслоў у загадным ладзе, у 1-й асобе). Граматычны кваліфікатар для дзеяслова распрацаваны паводле класіфікацыі гэтай часціны мовы ў «Русской грамматике» А. Вастокава (6 залогов – действительные, страдательные, возвратные, общие, взаимные, средние; 3 вида –неокончательный, совершенный и многократный). Ачку́риць, рю, гл. д. Стегать, сечь кого гачником или чем-либо подобным. Брусова́ць, сую, гл. д. Тесать брёвна с двух или четырёх сторон. Го́кнуцьца, гл. возвр. Удариться. Горе́тничаць, гл. ср. Терпеть горе. Лацна́цьца, гл. взаимн. Сводить приязнь с кем. Лоскота́ць, таю и чу, гл. ср. Говорить, болтать громко, резко. Моргова́ць, гую, сов. Выморговаць, гл. д. Размеривать сенокосные луга на участки. Перетруси́цьца, гл. общ. сов. в. Перепугаться.
Пры самастойных і службовых словах іншых разрадаў адзначаецца часціна мовы. Коцьма, нар. Быстро. Упусце, нар. Праздно. Упи́хом, нар. Насильно вталкивая. Або, союз раздел. Абы, частица, прикладываемая в начале вопросит. местоимений и наречий и дающая им неопределенное значение: нибудь, либо, кое.
Дасканала распрацаваная і шырока скарыстаная ў «Словаре белорусского наречия» сістэма граматычных памет давала багаты фактычны матэрыял для выпрацоўкі асноўных палажэнняў беларускай граматыкі, паказала асаблівасці беларускай мовы.
Характарыстыка слоў не была б поўнай, калі б аўтар не вызначаў іх стылёвых якасцей. Функцыянальна-стылёвае размежаванне слоў мае на мэце паказаць розныя адценні значэнняў і сферу іх выкарыстання. Для эмацыянальна афарбаваных назоўнікаў і прыметнікаў І. Насовіч увёў спецыяльную класіфікацыю: у слоўніку адрозніваюцца памяншальнае, ласкальнае, змякчальнае, зневажальнае значэнні назоўнікаў і прыметнікаў: альля́нинка, ум.; бизуни́ще, увелич.; гарма́цина, увелич.; працови́точка, смягч.; за́юхна, ласк.; гуля́ннико, смягч.; ха́тчина, уничиж.; бардохлы́ст, ругат.; мозговня́, говорится с укором; цмы́га, бранное. Аўтар выкарыстоўвае храналагічныя паметы (здрадца и здрайца, старин.; акциде́нция, слово обветшалое; бакалярёнок, устар.), вызначае галіну прымянення слова (аргумент, философ.; автентык, юрид.; алтариста, церк.; актыка́цыя, юрид.), тэрытарыяльную пашыранасць слова (а́льсе, областн.; але́систый, областн.; ба́лта, обл.) і сферу бытавання (привата, употр. горож.; апликант, употр. шляхтою; визытоваць, употр. шляхтою; патэнтованый, употр. ср. класс; ассекуратор, ср. класс).
Нягледзячы на вялікую разнастайнасць памет шэраг слоў з яркай экспрэсіяй і выразнай стылёвай прыналежнасцю не ахоплены імі. Так, без памет засталіся словы алекцыя, атэиста, архитэкт, выяхацца; рускім нейтральным адпаведнікам глаза перакладзены экспрэсіўна афарбаваныя словы баки, бакулы, баньки, якія таксама не маюць памет.
Галоўная мэта складання слоўніка заключаецца ў тлумачэнні, раскрыцці значэнняў слова. Якасць і навуковая вартасць слоўніка залежыць ад правільнасці, дакладнасці семантычнай характарыстыкі слова. Яснасць і лаканічнасць, прастата і строгасць – асноўныя патрабаванні да спосабаў тлумачэння, сутнасць якіх у тым, каб паказаць семантыку слова як адзінкі зносін паміж людзьмі. Гэтым патрабаванням найбольш адпавядае філалагічнае апісанне, якое раскрывае значэнне слова на даным этапе развіцця мовы і ўтрымлівае мінімум звестак, неабходных для разумення слова. Блех – луг при речке, где белят холсты. Закнутоваць – засечь до смерти плетьми. Знажи́лу – от напряжения сил. Доби́рки – окончание уборки конопли или льна, сопровождаемое домашним пиршеством. Кахля́р – изразцовый мастер. Лядзя́нка – репа, взрощенная на ляде. Нагуза́ць – 1) Навязать узлами. 2) Наделать знаков на теле ударами чем-либо узловатым. Погля́дное – платеж за дозволение посмотреть. Працови́тка – трудолюбивая женщина, работающая. Прежмо́ – пучок ржаных колосьев, обожженный на огне, обыкновенно приготовляемый пастушками в поле.
Філалагічныя апісальныя тлумачэнні І. Насовіч складаў пад непасрэдным уплывам «Словаря церковнославянского и русского языка», у якім «отчетливо проявляется тенденция к устранению таких развернутых определений, какими изобиловали словопроизводный и алфавитный словари Российской Академии – определений, представляющих собою не столько толкование слова, сколько описание предмета, обозначаемого словом»83. Пра тое, што І. Насовіч пераймаў асобныя тлумачэнні з «Словаря церковнославянского и русского языка», сведчыць параўнанне некаторых артыкулаў.
СЦСРЯ | СБН |
Арти́ст, а, с. м. Упражняющийся в изящных искусствах; художник. | Арты́ста, ы, с. м. употребляется в среднем классе народа. 1) Упражняющийся в изящном искусстве, живописи, резьбе, пр. Художник. 2) Отлично знающий музыку. |
Баси́ст, а, с. м. 1) Певчий, имеющий голос баса. 2) Музыкант, играющий на басу. | Баси́ста, ы, с. м. 1) Певчий, поющий басом. 2) Музыкант, играющий на басах. |
Га́йка, и, с. ж. 1) Металлическая пластина с сквозным, круглым нарезом посредине, навертываемая на винт. | Га́йка, м, с. ж. 1) Металлическая пластинка с сквозным круглым нарезом по средине, налагаемая на винт. |
Разам з апісальнымі тлумачэннямі значэнняў выкарыстоўваюцца ў слоўніку рускія адпаведнікі. У тых выпадках, калі ў рускай мове нельга знайсці дастаткова дакладнага адпаведніка да беларускага слова, яно перадаецца некалькімі адпаведнікамі, якія ў сваёй сукупнасці могуць быць эквівалентам да беларускага слова. Биту́н – драчун. Засви́стка – пощечина. Ку́льма – стремглав. Ласько́ – лакомка. Мы́йница – рукомойник. Нагда́шний – намеднишний. Трунок – напиток. Ша́лы – забавы, игры, увеселения, шалости. Трус – сор, лом, щепа. На раздробицу – по частям, раздробительно, по разнице. Лупе́жник – взяточник, алтынник, обдирало. Стра́тно – накладно, убыточно.
Паслядоўна складальнік карыстаецца камбінаваным спосабам семантычнай характарыстыкі слова, калі разам з апісальным тлумачэннем падаюцца рускія адпаведнікі. Каля́ниць – доводить до твердости, закаливать. На́товком – плотно, туго набито, битком. Ха́липа – скверная, мокрая погода, слякоть. Лу́бка – лукошко, корзина из лубка. Сагайда́к – бурлак, дородный мужчина. Сподна́луску – нечаянно, неожиданно, как бы выскочивши из щели.
Да назваў расліннага і жывёльнага свету разам з тлумачэннем падаюцца лацінскія адпаведнікі. Аксами́тник – Amaranthus. Растение петуший гребешок, бархатник. Ба́гник – рыба вьюн, живущий в тине. Scomber thynnus. Тумак, тунец. Благу́шка – гриб горькушка. Agaricus amarus. Гуголь – раст. Agrostema. Куколь, головня в пшеничном колосе. Дуда́к – птица. Otistarda. Драхва.
Асобныя словы забяспечваюцца этымалагічнымі даведкамі, іншамоўнымі паралелямі, якія асвятляюць гісторыю слоў. Дах. Нем. Dach. 1) Кровля, крыша. 2) Поветь, крытая дранью. Ке́лих. Лат. Calix. Чаша. Навда. Лит. Nauda – Мелкая, ничтожная монета. Особенность, важность, говор. иронич. Ре́гула. Лат. Regula. Правило. Цалёвка. Нем. Zoll. Дюймовая в толщину тесница, употребляемая для обшивки деревянного строения. Не ўсе этымалагічныя экскурсы вызначаюцца навуковай дакладнасцю. Так, словы вализа, вализка аўтар разглядае, як утварэнні ад валиць, і не паказвае польскага Waliza з франц. valise; слова одрина ’сарай для летнего ночлега, а зимой для складки сена’ ўтварае ад славянскага одрь. Нельга згадзіцца, што назоўнік вавёрка паходзіць ад бабёрка; слова вавёрка вядомае амаль ва ўсіх славянскіх мовах (параўн. польск. Wiewiorka, укр. веверица). Да дзеясловаў волаць, заволаць са значэннем ’звать, кликать’ Насовіч дае этымалагічную даведку «повидимому, от рева вола», пакінуўшы па-за ўвагай, што дзеяслоў волаць сустракаецца ў польскай, чэшскай, лужыцкай мовах са значэннем . У слоўніку Насовіча разам з разгорнутымі тлумачэннямі шырока выкарыстоўваюцца спасылкі, з дапамогай іх аўтар устанаўлівае граматычныя сувязі паміж вытворнымі і невытворнымі словамі, тлумачэнне падае толькі пры асноўным слове, а вытворнае забяспечвае спасылкамі. З суадносных дзеясловаў незакончанага і закончанага трывання тлумачэнне маюць, як правіла, формы незакончанага трывання. Так, дзеясловы гациць, гутаць, ныдвиць, кавенчиць, китоваць, кнутоваць, пелендроваць, плынуць, сарпець, юдашиць аўтар забяспечыў разгорнутымі тлумачэннямі, а адпаведныя формы закончанага трывання загациць, пагутаць, заныдвиць, закавенчыць, обкитоваць, обкнутоваць, спелендроваць, сплынуць, засарпаць, з’юдашиць змясціў як спасылачныя. Але такое размежаванне праведзена непаслядоўна, і некаторыя дзеясловы падаюцца ў асобных слоўнікавых артыкулах, напрыклад, трисциць і растрисциць, цемиць і зацемиць і г. д. Спасылкамі на асноўнае слова замяняюцца тлумачэнні назоўнікаў з суфіксамі эмацыянальнай ацэнкі. Так, пры памяншальных формах назоўнікаў абабочек, акцызничек, казанок, казанчик, услонец, услончик, хлудзинка, бернушко даюцца спасылкі на асноўныя словы абабок, акцызник, казан, услон, хлудзина, берно. Спасылкамі аўтар устанаўлівае сувязі паміж сінонімамі і гэтым самым падкрэслівае тое ці іншае адценне значэння, паказвае багацце ў мове блізказначных слоў. Так, пры запазычаным слове адыстар са значэннем ’точь в точь’ даецца спасылка да слова копаный, ад назоўнікаў бахмачы, гаркотник, резь, садкость да сінонімаў бахилы, гаретник, сеченка, давкость і г. д. Не толькі парамі, але і ў цэлыя рады злучае аўтар спасылкамі словы-сінонімы, напрыклад: на раздробицу, на розницу, на розь ’по частям, раздробительно, по разнице’; хлюпа, халипа ’скверная, мокрая погода, слякоть’; рули, цурганы, цюра ’крошеный хлеб, смоченный водою и посоленный’.
Спасылкамі звязваюцца паміж сабою фанетычныя, марфалагічныя варыянты слоў: агын і гын, гнюсиць і гнусиць, акурат і икурат, арамата і гармата, ыржа і иржа, азука і прозука, багниво і багнина, важня і важница, брящотка, брязкотка, брязковка. З дапамогай спасылак аўтар падкрэслівае антанімічныя сувязі паміж словамі (передовка, сличи задовка ’веревка у жерди, которою притискивают кладь на возу’), блізказначнасць паняццяў (спяваная, читаная, шептаная – ’виды службы церковной’). Замена лексічных тлумачэнняў спасылкамі была выклікана самой граматычнай прыродай слова, яго словаўтваральнымі і сінанімічнымі сувязямі і стала дадатковым спосабам тлумачэння слоў.
Толькі зрэдку ў слоўніку можна сустрэць празмерна дэталізаваныя, набліжаныя да энцыклапедычных, шматслоўныя тлумачэнні. Мурови́ны. Второй день после крещения ребенка. Все, бывшие на крестинах, на другой день приходят к куме родильницы, и бабка моет их водою от купанья ребенка после миропомазания, за что получает от каждого деньги. Поэтому и день этот назван Муровинами.
Як відаць з прыкладаў, спосабы тлумачэння слоў неаднародныя, выкарыстоўваюцца яны непаслядоўна, выбар тлумачэння ў залежнасці ад загаловачнага слова нематываваны.
Каштоўнасць кожнай лексікаграфічнай працы залежыць ад багацця ілюстрацыйнага матэрыялу. Насовіч разумеў, што ў слове, узятым па-за кантэкстам, відаць заўсёды адно агульнае, больш пашыранае значэнне, кантэксты даюць магчымасць выдзеліць адценні гэтага значэння, вылучыць іншыя вытворныя значэнні. Аўтар клапаціўся, каб прыклады валодалі пэўнай сінтаксічнай цэласнасцю, закончанасцю, з максімальнай выразнасцю падмацоўвалі значэнне слова, паказвалі асаблівасці марфалагічнага і сінтаксічнага ўжывання слова. У слоўніку І. Насовіча значэнні слова выдзяляюцца падрабязна і багата ілюструюцца прыкладамі. Кожны прыклад аўтар падбіраў так, каб загаловачнае слова выступала ў тыповым для яго слоўным акружэнні, каб гэтае слова несла на сабе асноўную сэнсавую нагрузку тэкста, каб сам прыклад быў дастаткова поўны для ўсебаковай характарыстыкі слова. Перавага аддаецца прыкладам-сказам з гутарковай мовы. Мясёный. Мясистый. Скоцина коли гладка, дак і мясёна. Ма́льчицьца. Представлять себя малым, мальчиком. Ты ўсё мальчишся, а пора б учицьца рабоце. Ла́тник. Тонкий лес, годный для решетин. Латнику воз нарубив да й продав. Налу́ск. 1) Появление маленькой первоначальной щели, дирки. Налуск здзелався в ночвах. 2) перен. Признак, открывающий какую-либо тайну. Налуск ёсць, гдзе мой украдзеный конь. Наду́цик. Гордец, надменный, особенно молодой человек. С надуциком гетым и поговориць не можно. Насе́рдзица. Злоба. Наговорив на мене по насердзице. Насердзицу гониць на мене. Про́йма. Сквозной, холодный ветер, продувающий насквозь. Пройма берець, сядзець тут не можно. От проймы усяго колоциць. Сестри́нец. Сын сестры, племянник по сестре. Сестринцу свойму высватав хорошую невесту.
Ролю ілюстрацыйнага матэрыялу выконваюць прыказкі і прымаўкі, строфы з песень, загадкі, прыгаворкі. Бураки́. Свекла. Не кормивши бураками, не посылаць за быками. Посл. Дубе́ц. Прут. На хлопца не жалей дубца. Посл. Жада́ць. Страстно хотеть. Ни гадав, ни жадав, а само в рот влецело. Посл. Зра́дник. Изменник. Зраду примаюць, а зрадника вешаюць. Посл. Каламар. Чернильница. Поп живець з алтаря, а писарь з каламара. Посл. Лата́ный. Заплаченный. Хоць в латаном, абы б не в хватаном. Посл. Суни́ца. Ягода земляника. Коли суница красна, не сей овса напрасно. Посл. Абри́сь, междом. означающее отогнание кошки. Абрись коця, не ворчи, а маленький спи, мовчи. Колыб. песня. Пуза́ценький. Имеющий небольшое пузо. Мужичок пузаценький, подперезавшись, по хаце ходзиць, аж пыль стовбом. Загадка – веник.
Крыніцай для «Словаря белорусского наречия» І. Насовіча была і праца «Белорусские слова» С. Мікуцкага. Яна складалася непасрэдна перад слоўнікам І. Насовіча і выканана на даволі высокім на той час лексікаграфічным узроўні. І. Насовіч па сутнасці павінен быў працягваць складанне беларускага слоўніка пасля С. Мікуцкага. Таму ёсць неабходнасць больш пільна прасачыць узаемасувязь паміж гэтымі слоўнікамі, прасачыць, як і ў якой ступені вопыт С. Мікуцкага дапамог І. Насовічу. Высвятленне гэтых пытанняў мае значэнне не толькі для дадзенага канкрэтнага выпадку, яно дасць магчымасць убачыць шляхі развіцця, працэс удасканалення беларускай лексікаграфічнай практыкі.
І. Насовіч з асаблівай увагай выяўляў значэнні слоў, беражліва ставіўся да захавання самых тонкіх і, здавалася б, нябачных сэнсавых адценняў. Калі ў слоўніку Мікуцкага ў 2010 артыкулах не больш за дзесяць мнагазначных слоў, то ў слоўніку І. Насовіча мнагазначнасць беларускай лексікі адлюстроўваецца вельмі дасканала. Значэнне слова ў Мікуцкага атрымлівала тое тлумачэнне, якое вынікала з пэўнага канкрэтнага выпадку словаўжывання, з занатаванага прыкладу. Насовіч не быў абмежаваны матэрыялам, ён чуў беларускае народнае слова і падаваў усе яго вядомыя значэнне. Так, слова готоваць Мікуцкі падаў з адным значэннем ’готовить’; Насовіч выдзяляе два значэнні: готоваць ’варить’і готоваць ’приготовлять, припасать’. Словы весёлка, гак, дрыжаць, загвоздка, келзаць, пырскаць, скула ў слоўніку Мікуцкага адназначныя, а Насовіч распрацоўвае іх як мнагазначныя. Параўнаем некалькі артыкулаў.
У Мікуцкага | У Насовіча |
Загвоздка, и, с. ж. Чека. | За́гвоздка, и, с. ж. 1) Чека у колесной оси. Загвоздку поцеряеш. 2) Трудная задача. Дав загвоздку, нехай раскусиць. 3) Препятствие. Во табе загвоздка, и стой на дорозе. |
Келзаць, заю, заешь (сов. Закелзаць), гл. д. Взнуздывать, взнуздать | Келза́ць, сов. Закелзаць, гл. д. 1) Взнуздывать, мундштучить. Кореннаго келзай, закелзай коня, а ворчаковаго не треба келзаць. 2) перен. Ограничивать чью-либо волю, закабаливать. Хочеш не хочеш, а келзаюць в работники. Не люблю гетой дзевки, да бацьки келзаюць. |
Пырскаць, скаю, скаешь, гл. д. Прыскаць. | Пы́рскаць, однокр. Пырскнуць и Пырснуць, гл. ср. 1) Прыскать, брызгать. Дожджик пырскаець, тольки пырскнув. Пырсни мне в вочи горелкою. 2) Внезапно разражаться смехом. Пырскаць, пырснуць от смеху. 3) Сердиться, показывать неудовольствие или капризы. Ты сянни усё пырскаешь: то тобе то нехорошо, то того не хочу. |
Адшукаць усе значэнні слоў, паказаць суадносіны паміж значэннямі і адценнямі значэнняў – вельмі важная і складаная справа. І. Насовіч стараўся даць у сваім слоўніку абгрунтаваную класіфікацыю значэнняў, размеркаваць іх у пэўнай сістэме ў слоўнікавым артыкуле з улікам гісторыі слова, актуальнасці ўжывання, лагічных адносін паміж значэннямі. І ў гэтым плане І. Насовіч намнога пераўзышоў С. Мікуцкага. Разгледзім некалькі прыкладаў. Да загаловачнага слова годоваць Мікуцкі падабраў і паставіў у сінанімічны рад тры рускія словы кормить, вскормлять, воспитывать і падмацаваў прыкладам: Стравки мае сахарные, хто вас будзець пожитковаць. Дзетки мае маленькие, хто вас будзець годоваць. З-за такога тлумачэння і прыкладу чытач звужана разумее значэнне слова годоваць. Насович, распрацоўваючы артыкул, слова годоваць тлумачыць тымі самымі адпаведнікамі, што і Мікуцкі, але выдзяляе два значэнні, і семантычная характарыстыка слова стала больш поўнай. Годоваць – 1) Кормить, выкармливать. Вовка кольки ни годуй, усе в лес глядзиць. Посл. Подгодовав кабана на сало. 2) Воспитывать. Годоваць дзецей. Подгодовав, взгодовав хлопца, а его и отобрали в некруты. Тры значэнні адрознівае Насовіч у слове трымаць, два – у слове чернь. Мікуцкі разглядаў іх як адназначныя, без адценняў. Вось артыкул з гэтых слоўнікаў:
У Мікуцкага | У Насовіча |
Тримаць, маю, маешь, гл. д. Держать, удерживать, задерживать. У правой ручце шабельку тримаець. Цёмно у поли, цёмно, бодай тому цемней было, хто до хаты не пущае, да на поли нас тримае. Из народн. песни. | Трима́ць, сов. Притримаць, гл. д. 1) Держать. Тримай крепко верёвку. Тримай, притримай его в руках. 2) сов. Потримаць. Утримаць. Удерживать, останавливать. Тримай, потримай, притримай, утримай коней. 3) Владеть чем. Тримаць маёнток. |
У адпаведнасці са сваімі правіламі перабудоўвае Насовіч і іншыя артыкулы. Так, Мікуцкі ў артыкуле Болботаць першым падаў значэнне ’болтать, лепетать’, на другім месцы ’кричать по тетеревиному’. Насовіч як асноўнае і больш ранняе значэнне дзеяслова болботаць ’кричать, свойственно индейскому петуху или тетереву’ паставіў на першае месца. Значэнне дзеяслова болботаць ’говорить без связи, болтать’ Насовіч разглядае як пераноснае, другаснае, якое развілася з папярэдняга, і, каб вытрымаць храналагічны прынцып падачы, ставіць яго пад другім нумарам.
Шмат працаваў Насовіч над удасканаленнем спосабаў тлумачэння слова. З супастаўлення тлумачэнняў у слоўніках Мікуцкага і Насовіча відаць, што Насовіч палепшыў, удакладніў, канкрэтызаваў апісальныя тлумачэнні, павялічыў або паменшыў, каб унікнуць двухсэнсоўнасці, колькасць адпаведнікаў у перакладах беларускага слова на рускую мову або замяніў пераклады апісаннямі. Так, Насовіч пашырыў, падмацаваў прыкладам тлумачэнне да слова прямица. Прямица – прямая, не сломанная цепом, солома. Клыченка на подсцилку, а прямица на крыццё. Слова клыпаць Мікуцкі пераклаў ’хромать’, не дасягнуўшы дакладнасці тлумачэння. Насовіч замяніў гэты няўдалы адпаведнік апісальным тлумачэннем і даў прыклад. Клы́паць – медленно идти, прихрамывать. Так клыпавши, не дойдзеш скоро.
У многіх выпадках, каб унікнуць двухсэнсоўнасці, Насовіч зменшыў колькасць рускіх адпаведнікаў, у параўнанні з тлумачэннямі Мікуцкага ўзабагаціў сваю працу ілюстрацыйным матэрыялам. Там, дзе Мікуцкі не падаў ніводнай цытаты, Насовіч падмацоўвае тлумачэнне 1–3 прыкладамі. Некаторыя ўрыўкі з песень прыведзены і ў Мікуцкага і ў Насовіча. У адрозненне ад Мікуцкага Насовіч не злоўжываў цытатамі, не падаваў без патрэбы празмерна вялікіх урыўкаў; ён браў кароткі, сінтаксічна закончаны прыклад, не перагружаючы артыкул другарадным матэрыялам, які зацямняў бы значэнне слова. Параўнаем некалькі артыкулаў.
У Мікуцкага | У Насовіча |
Глей, ю, с. м. Иловка. | Глей, ю, с. м. Ил на дне воды. В глей утопив ноги, не можно вылезци. На глею ничого не расцець. Глеем заплыв луг. |
Попел, у, с. м. Пепел, зола. | По́пел, у, с. м. Зола, пепел. Золото и в попеле видно. Посл. |
Кий, я, с. м. Палка, дубина. | Кий, я, с. м. Порядочная палка. У старца кий отняць. Посл. Старца кий кормиць. Гони его кием со двора. |
Ніжэй прыведзены тыповы прыклад, які сведчыць пра творчае скарыстанне Насовічам матэрыялаў Мікуцкага.
У Мікуцкага | У Насовіча |
Витаць, таю, таешь, гл. д. Приветствовать. Хто едзе, пытаець, чий гэто хохол лятаець, чаму ж боярок не витаець. | Вита́ць, сов. Привита́ць (Слав. витати), гл. д. Приветствовать. Чему госцей не витаешь, не привитав? Вита витаци, да нечего даци. Посл. Дружков хохол летаець, чему ж боярок не витаець? |
Жигливый, ая, ое, в, ва, пр. Жгучий. Крапивка моя жигливая, свекровка моя журливая. | Жигли́вый, прил. Способный уколоть. Крапива жиглива. Будзець на жигливую крапивку мороз. |
Стайня, и, с. ж. Конюшня. Яго коничек на стайни стаиць, а яго панночка у комори сядзиць. | Ста́йня, и, с. ж. Конюшня. Коней отведзи до стайни. |
І. Насовіч, як бачым з першага прыкладу, не вызначаў канчаткаў 1-й і 2-й асобы дзеясловаў, але паказаў форму закончанага трывання, даў этымалагічную даведку і двае свае прыклады, зрабіў ямчэйшай цытату, узятую з песні. Механічнага, неасэнсаванага пераносу артыкулаў са слоўніка Мікуцкага Насовіч не дапускаў: ён браў толькі лепшае, вартае ўвагі, асэнсоўваў матэрыял, удасканальваў тлумачэнне, падмацоўваў сваімі прыкладамі, каб падаць усё гэта ў новай якасці. Трэба адзначыць, што Насовіч неабгрунтавана адмовіўся ад поўнай граматычнай характарыстыкі прыметнікаў.
Каштоўныя звесткі пра станаўленне І. Насовіча-лексікографа, пра методыку яго працы дае параўнанне «Словаря белорусского наречия» з «Словарём западнорусского наречия» І. Грыгаровіча.
У Грыгаровіча | У Насовіча |
Авдо́тка, и, с. ж. обл. Название небольшой озёрной рыбки. | Авдо́тка, и, с. ж. Название небольшой озёрной рыбки. |
А́льба, ы, с. ж. церк. Белая сорочка, надеваемая католическим священником при богослужении. | А́льба, ы, с. ж. Белая сорочка, надеваемая Римско-католическим священником при богослужении. Подризник. Фарбонов на альбу принесла. |
Ба́гнивый, ая, ое, пр. Болотистый, тинистый; топкий. Багнистый ржавец. | Ба́гневый, прил. Болотистый, тинистый, топкий. Багневый аржавец. |
Базари́нка, и, с. ж. обл. 1) Подарок. 2) Взятка. Базаринки нищут скрынки. Посл. | Базари́нка, и, с. ж. Базаринок, нка, с. м. 1) Гостинец, купленный на базаре, подарок. Базаринки нищут скринки. Посл. Без доброго базаринка и вочей к иконому не показывай. 2) Погулянка во время торга. Базаринки справляець. Базаринку хорошую зделали. |
Ба́рвить, влю, вишь, гл. д. 1) Покрывать краскою, красить. Барвить сукно, шерсть. 2) Наводить румяны. | Ба́рвиць, рвю, гл. д. 1) Покрывать краскою. Барвиць сукно, нитки, шерсць. 2) Наводить румяны. Барвиць щеки. |
Бари́ться, рюсь, ришься, гл. возвр. Останавливаться; медлить, мешкать. Сходи к суседу, да там не барись. | Бари́цьца, рю́ся, гл. возвр. обл. Останавливаться, медлить, мешкать. Сходи к суседу, да там не барись довго. |
Супастаўленне гэтых артыкулаў з двух слоўнікаў пераконвае, што І. Насовіч добра ведаў працу І. Грыгаровіча, карыстаўся ёю і ўзяў адтуль шматлікія словы ў свой слоўнік, пераняў у асноўным сістэму граматычных памет, на матэрыяле Грыгаровічавых тлумачэнняў, удакладняючы і паляпшаючы іх, складаў свае, скарыстаў некаторыя прыклады і нават цалкам артыкулы. У адрозненне ад І. Грыгаровіча, І. Насовіч пабудаваў свой слоўнік на матэрыяле жывой народнай мовы, узбагаціў прыкладамі, занатаваў новыя і адметныя значэнні слоў, канкрэтызаваў тлумачэнні, шырэй паказаў марфалагічныя варыянты слова.
І. Насовіч аказаў неацэнную паслугу беларускаму народу, беларускай навуцы тым, што сабраў, апрацаваў і выдаў «Словарь белорусского наречия», самую значную працу ХІХ ст. І зрабіў гэта з уласнай ініцыятывы, толькі з любові да роднага слова, толькі з жадання пакінуць для нашчадкаў канкрэтны матэрыял па роднай мове. «Словарь белорусского наречия» і да цяперашняга часу не страціў свайго значэння як даведнік, у якім можна знайсці кваліфікаванае тлумачэнне патрэбнага слова, як крыніца лексікаграфічных даследаванняў, як кніга, якая ўзняла на новую, вышэйшую ступень беларускую лексікаграфію.
«Словарь белорусского наречия» І. Насовіча з пазіцыі сучасных дасягненняў мовазнаўства нельга лічыць бездакорным. Але да аналізу любога слоўніка патрэбны канкрэтна-гістарычны падыход. Трэба ўлічыць, што з часу надрукавання слоўніка І. Насовіча прайшло больш за сто гадоў, што гэты перыяд адбыліся значныя змены ў мове і на аснове дасягненняў мовазнаўчай навукі ўдасканаліліся прынцыпы лексікаграфічнай апрацоўкі слова, што слоўнікавая справа набыла навукова араганізаваны характар, палепшылася яе матэрыяльная база.
Глыбока ведаючы беларускую народную мову, маючы добрую лінгвістычную падрыхтоўку і зайздросную працавітасць, бязмежна адданы справе, Насовіч шмат новага і карыснага зрабіў для развіцця беларускай лексікаграфіі і ўвогуле для беларускага мовазнаўства.
На памер «Словаря белорусского наречия» і склад рэестру яго аказалі ўплыў узровень тагачаснай навукі аб беларускай мове, папярэдні вопыт складання беларускіх слоўнікаў, погляды складальніка на прызначэнне слоўніка. У сувязі з тым, што беларускую мову лічылі заходнерускай ці беларускай гаворкай рускай мовы, у слоўнік не ўключана лексіка, агульная для ўсходнеславянскіх моў. Недахоп фактычнага матэрыялу, адсутнасць магчымасці для шырокага і планамернага збірання яго прывялі да таго, што ў слоўніку недастаткова адлюстравана лексіка заходніх губеняў Беларусі – Мінскай, Гродзенскай, Віленскай.
Папярэдняя практыка складання беларускіх слоўнікаў паказала, што самым зручным прынцыпам размяшчэння слоў з’яўляецца алфавітны: ён дае магчымасць хутка знаходзіць патрэбнае слова, забяспечвае аднатыпную будову слоўнікавага артыкула як асобнай поўнай і закончанай даведкі пра слова.
«Словарь западнорусского наречия» І. Грыгаровіча, «Белорусские слова» С. Мікуцкага, «Алфавитный указатель» пераканалі Насовіча ў неабходнасці даваць словам граматычную характарыстыку, забяспечваць стылістычнымі паметамі. Так, у «Словаре белорусского наречия» выпрацоўваецца адзіны граматычны кваліфікатар слова. Далейшую практычную распрацоўку ў гэтым слоўніку атрымалі спосабы тлумачэння слоў. Перш за ўсё стабілізавалася філалагічнае апісанне як найбольш прыдатнае, навукова абгрунтаванае тлумачэнне, якое паступова выцясняе пераклад на рускую мову. Адной з найбольш істотных вартасцей вялікага слоўніка Насовіча з’яўляецца замена энцыклапедычных тлумачэнняў, якімі шырока карысталіся папярэднія лексікографы, філалагічнымі апісаннямі. Тым самым Насовіч яшчэ раз падкрэсліў, што аб’ектам філалагічнага слоўніка служыць слова, а не рэалія, гэтым словам абазначаная, што выкарыстоўваць энцыклапедычныя апісанні ў філалагічным слоўніку неправамерна.
І. Насовіч першы з беларускіх лексікографаў, які ўвёў у практыку граматычныя тлумачэнні, калі праз паказ граматычных сувязей вытворнага слова з асноўным, пачатковым раскрывалася семантыка назоўнікаў, прыметнікаў, прыслоўяў з суфіксамі эмацыянальнай ацэнкі, дзеясловаў закончанага трывання і некаторых іншых катэгорый слоў.
ЗАЎВАГІ
68 Гл.: «Изв. АН по ОРЯС», 1852, т. 1, с. 74–75.
69 Гл.: Там жа, с. 33–80.
70 Гл.: Там жа, с. 103–107.
71 Аддзел рукапісаў Бібліятэкі АН СССР, ф. 1, воп. 1, № 1.
72 Там жа, № 2.
73 Там жа, № 1.
74 Жураўскі А. І. Навуковы подзвіг. – «ЛіМ», 1962, 12 кастрычніка; Жураўскі А. І., Крамко І. І. Першы слоўнік старажытнай беларускай мовы. – «Весці АН БССР. Сер. грамад. навук», 1963, № 4, с. 100–110.
75 Аддзел рукапісаў Бібліятэкі АН СССР, ф. 1, воп. 3, № 3.
76 Срезневский И. И. Обозрение замечательнейших из современных словарей. – «Изв. АН по ОРЯС», 1854, т. 3. Разбор словаря белорусского наречия г. Носовича.
77 Шапиро М. Словарь Носовича. – «Филологические записки», 1873, № 1, с. 1–20.
78 Карский Е. Ф. Белорусы, кн. 1, с. 251–254.
79 Суднік М. І. І. Насовіч. – «Беларусь», 1946, № 7, с. 24–27.
80 Казачок Е., Рубцова Л. З гісторыі беларускай філалогіі. – «Звязда», 1958, 24 ліпеня.
81 Камароўскі Я. І. І. Насовіч і яго слоўнік. – «Беларусь», 1957, № 7.
82 Щерба Л. В. Опыт общей теории лексикографии. – «Изв. АН СССР. Отд-ние лит. и яз.», 1940, № 3, с. 97.
83 Розанова В. В. Словарь церковнославянского и русского языка, составленный вторым отделением Академии наук. Автореф. на соиск. учен. степени канд. филол. наук. Л., 1952, с. 14.