[вокладка]

Іван Насовіч. Слоўнік беларускай мовы

Словарь бѣлорусскаго нарѣчія, составленный И. И. Носовичемъ


Міхаіл Суднік. І. І. Насовіч і яго слоўнік (прадмова да факсімільнага выдання 1983 г.)

Крыніца: Суднік, М. Р. І. І. Насовіч і яго слоўнік / М. Р. Суднік // Насовіч І. І. Слоўнік беларускай мовы. – Мінск: БелСЭ, 1983. – С. 3–6.

 

Іван Іванавіч Насовіч належыць да ліку тых нястомных служыцеляў навукі і культуры, працы якіх з’яўляюцца асновай для вывучэння духоўнага аблічча народа, нясуць з глыбінь мінулага новае бачанне і разуменне таго, што ўваходзіць састаўной часткай у нашу сучаснасць і што ў поўным сэнсе слова адкрывае нас у нас саміх. Менавіта таму творчая спадчына I. I. Насовіча мае глыбокі сэнс і агульнакультурнае значэнне.

Прайшоўшы больш як стогадовы шлях выпрабавання, яна працягвае служыць інтарэсам паглыблення сувязей славянскіх моў і культур у наш час. У гэтым сэнсе, не зважаючы на векавую даль, якая аддзяляе нас ад насовічаўскай эпохі, мы лічым І. І. Насовіча сваім сучаснікам.

Як жывы сведка жорсткага веку і драматычнага лёсу свайго народа, як удумлівы даследчык і глыбокі знаўца яго жыццёвага ўкладу і духоўных скарбаў I. I. Насовіч праклаў свой след у беларускай этнаграфіі, фалькларыстыцы, лексікалогіі і лексікаграфіі. Прытым здолеў ажыццявіць усё гэта не ў гады даследчыцкай маладосці, як бывае звычайна, а тады, калі скончыў педагагічную працу і выйшаў на пенсію. Спрыяльнымі фактарамі ў яго позняй навуковай дзейнасці з’яўляліся прыродная таленавітасць, незвычайная працаздольнасць і творчае даўгалецце на 89-гадовым жыццёвым шляху.

Па складу розуму I. I. Насовіч быў мысліцель, па характару заняткаў — педагог, па інтарэсах — вучоны. Нарадзіўся ён 26 верасня 1788 г. ў в. Гразіўцы Быхаўскага павета Магілёўскай губерні ў сям’і псаломшчыка. Адукацыю атрымаў у Магілёўскай гімназіі, потым у духоўнай семінарыі, якую паспяхова скончыў у 1812 г. і быў прызначаны выкладчыкам рускай мовы і славеснасці вышэйшага аддзялення Аршанскага духоўнага вучылішча. Ён дасканала ведаў беларускую і рускую мовы. У перыяд навучання авалодаў стараславянскай, лацінскай, грэчаскай, французскай мовамі, вывучыў старажытнаяўрэйскую і польскую. Гэта адкрывала яму шырокія перспектывы даследчыка ў галіне мовазнаўства. Аднак жыццёвыя абставіны склаліся так, што I. I. Насовіч вымушан быў увесь свой час аддаваць педагагічнай працы спачатку ў вучылішчах духоўнага ведамства, а потым у сістэме Міністэрства народнай асветы. Пераезды па службе ў Оршу, Мсціслаў, Магілёў, Маладзечна, Свянцяны, а таксама мэтавыя падарожжы па Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай губернях, калі I. I. Насовіч знаходзіўся на пенсіі, далі яму магчымасць адчуць жывыя асаблівасці беларускіх гаворак, грунтоўна пазнаёміцца з народнай песеннай творчасцю, сабраць багаты лексічны і фразеалагічны матэрыял з розных рэгіёнаў Беларусі.

У 1843 г. І. І. Насовіч выйшаў у адстаўку, вярнуўся ў Мсціслаў і ў 55-гадовым узросце заняўся навуковай працай. Яго творчыя імкненні падтрымлівалі і стымулявалі Археаграфічная камісія, Этнаграфічнае аддзяленне Рускага геаграфічнага таварыства, Аддзяленне рускай мовы і славеснасці Імператарскай Акадэміі навук, па даручэнню якіх ён распачаў падрыхтоўку гістарычнага слоўніка беларускай мовы на аснове 5-томнага збору Актаў і грамат Заходняй Расіі 14-18 стст. Рукапіс слоўніка памерам 1110 старонак вялікага фармату ў 1867 г. быў прадстаўлены 2-му Аддзяленню Акадэміі навук пад назвай «Алфавітны паказальнік старых беларускіх слоў, выбраных з Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі». У ім атрымалі тлумачэнне і лексікаграфічную інтэрпрэтацыю 13 тысяч слоў.

Спецыяльная камісія ў складзе акадэмікаў А. X. Вастокава, I. I. Сразнеўскяга і М. А. Каркунова высока ацаніла рукапіс Слоўніка і рэкамендавала яго да друку. На гэтай падставе 2-е Аддзяленне Акадэміі навук прысудзіла аўтару поўную Увараўскую прэмію ў суме 1500 рублёў серабром. На жаль, Слоўнік астаўся ненадрукаваным. I хоць прайшло амаль 125 гадоў з часу стварэння гэтага унікальнага даведніка, ён не страціў сваёй каштоўнасці і працягвае служыць гісторыка-філалагічнай навуцы нашых дзён.

Значнае месца ў творчай спадчыне І. І. Насовіча займаюць фальклорна-этнаграфічныя працы. Жыццё і быт народа, яго духоўны свет і мараль, звычаі і павер’і, практычная мудрасць і вусная паэтычная творчасць — усё гэта асэнсавана даследчыкам ў падрыхтаваных ім спецыяльных зборніках. Адзін з іх — «Беларускія песні» (1873) — прысвечаны народнай песеннай культуры беларусаў. Акрамя саміх тэкстаў песень, І. І. Насовіч апублікаваў шэраг артыкулаў, у якіх разглядаў змест і характар песень, даў апісанне абставін, пры якіх яны выконваліся.

Праз год Аддзяленне рускай мовы і славеснасці Імператарскай Акадэміі навук апублікавала «Зборнік беларускіх прыказак», запісаных збіральнікам, дзе тонка раскрываецца змест каля трох тысяч прыказак і даецца тлумачэнне незразумелых слоў, што сустракаюцца ў іх тэкстах. Гэтаму зборніку I. I. Насовіч надаваў асаблівае значэнне. У прыказках ён бачыў «маральна-практычную філасофію простага парода» («Пад ляжачы камень вада не цячэ»), абагульнены сэнс жыццёвых з’яў («Крывога дрэва не выпраміш»), мудрыя гаспадарчыя назіранні («Калі грыбна, то і хлебна»), адлюстраванне народнага календара («Грамніцы — зімы палавіца») і інш. Зборнік атрымаў высокую ацэнку вучоных і быў адзначаны залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства, а яго аўтар за навуковыя заслугі быў выбраны членам таварыства па аддзелу этнаграфіі.

Нарэшце, шматгадовая збіральніцкая праца I. І. Насовіча завяршылася яшчэ адным зборнікам, які ўключаў беларускія вусна-паэтычныя творы разнастайных жанраў: байкі, легенды, павер’і, былі, анекдоты і інш. Зборнік аўтар накіраваў Імператарскаму геаграфічнаму таварыству. Аднак рукапіс гэтых неацэнных народных скарбаў напаткаў той самы лёс, што і Алфавітны паказальнік: ён астаўся неапублікаваным, а потым знік.

У абсяг рознабаковых інтарэсаў I. I. Насовіча ўваходзілі і пытанні гісторыі. Гэта галіна ведаў цікавіла яго з часоў вучобы. Найбольшую ўвагу ён аддаваў старажытнай і новай гісторыі Беларусі, з якой грунтоўна пазнаёміўся, распісваючы Акты Заходняй Расіі для Алфавітпага паказальніка і часткова перакладаючы з лацінскай мовы З-томную працу А. Тэйнера «Vetera monumenta, historiam Poloniae et Lithuaniae illustrantia» («Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы»), дзе знайшлі адлюстраванне амаль пяцісотгадовыя (1217—1696 гг.) узаемадачыненні Польшчы і Вялікага княства Літоўскага, якія пралівалі святло і на становішча беларускіх зямель таго часу.

Грунтуючыся на дакументальных крыніцах, І. І. Насовіч у 1868 г. накіраваў Імператарскаму археалагічнаму таварыству гісторыка-лінгвістычнае даследаванне «Аб плямёнах да часоў Рурыка, засяляўшых беларускую тэрыторыю», у якім, у прыватнасці, даводзіў, што старажытныя назвы плямён крывічы, дрыгавічы, радзімічы паходзяць ад народных беларускіх слоў.

Пяру І. І. Насовіча належыць і грунтоўная гісторыка-мемуарная праца «Успаміны з майго жыцця», дзе даецца шырокая характарыстыка побыту, нораваў і ўзаемаадносін разнастайных колаў тагачаснага грамадства, асвятляецца стан і сістэма адукацыі на Беларусі, апісваюцца духоўныя інтарэсы і маральнае аблічча беларускай інтэлігенцыі канца 18 і 19 стст. Значнае месца тут адводзіцца педагагічным ідэям самога I. І. Насовіча, які больш за 30 гадоў працаваў дырэктарам, інспектарам, выкладчыкам рускай мовы і славеснасці, лацінскай мовы ў беларускіх вучылішчах. Яго погляды на разумную арганізацыю працэсу навучання, на выхаванне ў людзях чалавечнасці і гуманістычных рыс характару маюць сур’ёзнае значэнне для гісторыі развіцця педагагічнай думкі на Беларусі. Шкада толькі, што і гэта змястоўная праца не пабачыла свету. Рукапіс яе (989 старонак) захоўваецца ў Інстытуце мовазанаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР.

Але з усяго таго значнага, што здзейсніў I. I. Насовіч за 30 гадоў самаадданай працы, што навечна ўвайшло ў фонд здабыткаў нацыянальнай культуры народа, абазначыўшы цэлую эпоху ў фарміраванні, развіцці і станаўленні беларускай філалогіі, — мы называем перш-наперш «Слоўнік беларускай мовы». Будучы з’явай арыгінальнай і непаўторнай, Слоўнік засведчыў стан і ўзровень развіцця беларускай мовы 1850—60-х г., данёс і перадаў нам яе лексічныя скарбы, фразеалагічнае і прыказкавае багацце, адлюстраваў у жывым слове глыбіню мыслення і светаразумення беларусаў як нацыі. У гэтым гістарычны сэнс і навуковае значэнне Слоўніка.

Падрыхтоўцы Слоўніка I. І. Насовіч аддаў 16 гадоў напружанай работы. Папярэдне ён распрацаваў агульныя прынцыпы ўкладання Слоўніка, вызначыў яго тып і акрэсліў магчымы лексічны матэрыял, які меў на ўвазе размясціць у алфавітным парадку. Каб адлюстраваць жывое гучанне слоў, увёў сістэму спецыяльных надрадковых знакаў, намеціў стылістычна раскласіфікаваць лексіку ў адпаведнасці са сферамі яе ўжывання, прадугледзеў забеспячэнне слоў граматычнымі паметамі і націскам для правільнага іх вымаўлення. Найважнейшай задачай Слоўніка лексікограф лічыў поўнае, усебаковае раскрыццё значэнняў нацыянальнай лексікі і вылучэнне амонімаў, а для пацвярджэння ўжывальнасці слоў і правільнасці тлумачэння іх семантыкі ставіў патрабаванне: выкарыстоўваць аўтарытэтны ілюстрацыйны матэрыял — народныя песні, прыказкі, выслоўі, фразеалагізмы.

Такая структура Слоўніка яскрава сведчыць, што I. I. Насовіч пракладваў свой, самастойны шлях у беларускай лексікаграфіі, які карэнным чынам адрозніваўся ад лексікаграфіі данасовічаўскай пары. Гэта прынцыповае адрозненне вызначалася тым, што ў Слоўнік былі шырока адчынены дзверы жывому народнаму беларускаму слову.

Матэрыял для свайго Слоўніка I. I. Насовіч чэрпаў з гаворак Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў, а таксама з некаторых паветаў сумежных губерняў Прывісленскага краю. Гэта азначае, што аўтар імкнуўся стварыць Слоўнік не асобнага вузкага рэгіёна, а ўсяго моўнага ландшафту тагачаснай Беларусі. Разам з тым прадугледжвалася не ўключаць у рэестр тых слоў, якія з’яўляюцца агульнымі для беларускай і рускай моў і поўнасцю супадаюць па сваіх значэннях і формах. Вось чаму няма ў Слоўніку такіх лексічных адзінак, як а г о н ь, в а д а, в і ш н я, г р у ш а, з я м л я, і н е й, н а г а, с ы н, х л е б і пад. Калі аналагічныя словы адрозніваюцца хоць адной якой-небудзь рысай — значэннем, ужываннем, граматычнай формай ці націскам — яны ў Слоўніку прыводзяцца, параўнай: г р ы б, к о ў ш, л у г, м а й, р о г і інш. Тым жа крытэрыем кіраваўся ўкладальнік, калі ўключаў асабовыя ўласныя імёны ў іх бытавой размоўнай форме, напрыклад: Алёкса, Базыль, Ганнуся, Зенка, Купрэй, Лаўрын, Матруна, Міхась, Хадоска і пад.

Паводле будовы і прынцыпаў распрацоўкі семантыкі Слоўнік спалучае ў сабе рысы тлумачальнага і перакладнога беларуска-рускага слоўніка. Пры адсутнасці адпаведных рускіх эквівалентаў выкарыстоўваецца апісальны спосаб тлумачэння, параўнай: КУРНА́, ы́, с. ж. 1. Кошечье мурлыканье или пеніе. 2. перен. Дреманіе, сопеніе при дремоте. Нашъ работнікъ курну зовёвъ. ПОПОМУ́ЧИЦЬ, сов. гл. д. Му́чиць. Измучить многихъ. За гетою дорогою коней усихъ попомучили, Пры наяўнасці адэкватных рускіх слоў тлумачэнне беларускага слова робіцца шляхам дастасавання такога адпаведніка, напрыклад: ДАВНИНА́, ы́, с. ж. Старина. Да́внину спомянувъ. Въ давнину́ не то было. САМО́ТА, ы, с. ж. Уединеніе. Ёнъ самоту любиць. Въ самоце живуць, ни съ кимъ не знаюцца.

Аналізуючы лексіку і распрацоўваючы яе значэнні, І. І. Насовіч адчуваў неабходнасць размежавання катэгорый мнагазначнасці і аманіміі. Прыклады ў Слоўніку сведчаць, што аўтар з гэтай складанай праблемай справіўся і па-свойму яе адлюстраваў у тэксце, глядзі: ЛА́ТА, ы, с. ж. Длинная решетина. Купиць возъ латъ. Крыць хату подъ латы. ЛА́ТА, ы, с. ж. Заплата, лоскуть. Жупанъ ўвесь ў латахъ. У такім жа плане распрацаваны аманімічныя пары слоў: д а б р о, к р а й, л а д з и ц ь, м у с и ц ь, н и ш то, п я ц ь, с в и с н у ц ь і інш.

Работа па ўкладанню Слоўніка была скончана ў 1863 г. Падрыхтаваны рукапіс ахопліваў больш за 30 тысяч слоў. І. І. Насовіч тады ж падаў яго ў Акадэмію павук на атрыманне Дзямідаўскай прэміі і ў Аддзяленне рускай мовы і славеснасці для зацвярджэння да друку. Конкурсная камісія Акадэміі высока ацаніла Слоўнік «як працу надзвычай важную» і ўвянчала яго палавінай Дзямідаўскай прэміі (714 руб.), а Аддзяленне вырашыла прыняць друкаванне Слоўніка на свой кошт і даручыла акадэміку І. І. Сразнеўскаму рэдагаванне рукапісу. Аднак рэдактарская работа вялася марудна і зацягнулася на 7 гадоў. I. I. Сразнеўскі адрэдагаваў толькі 5 першых аркушаў і паехаў у доўгатэрміновую замежную камандзіроўку. Далейшую працу па рэдагаванню ажыццяўляў акадэмік А. Ф. Бычкоў. Пакуль ішло рэдагаванне, I. I. Насовіч дапоўніў Слоўнік яшчэ 994 словамі, якія ў асноўны тэкст не ўвайшлі, а прыведзены ў канцы кнігі як асобны раздзел пад пазвай «Дадатак».

3 друку Слоўнік выйшаў у 1870 г. і адразу звярнуў на сябе ўвагу. Дасведчаныя колы грамадства ацанілі яго як «помнік, які можа служыць найлепшым упрыгожаннем рускай вучонай літаратуры» (Филологические записки, вып. I, 1873, с. 1—20). Невыпадкова А. М. Горкі ў 1910 г. пісаў з Італіі ў рэдакцыю газеты «Наша ніва»: «Вельмі прашу вас: вышліце мне — калі гэта вам не будзе надта турботным — Слоўнік Насовіча...»

Але і пасля выхаду Слоўніка з друку І. I. Насовіч не спыняў збірання лексічных матэр’ялаў, аб чым сведчыць вядомы «Дадатак да беларускага слоўніка», сабраны пераважна з фальклорных крыніц і апублікаваны пасля смерці аўтара ў Зборніку Аддзялення рускай мовы і славеснасці (т. 21, 1881, № 6, с. 1—22).

Больш за стагоддзе нязменна служачы навуцы, першае выданне гэтага Слоўніка стала з’явай унікальнай, бібліяграфічнай рэдкасцю. І вось праз 112 гадоў выходзіць яго другое выданне. Час мінуў даволі вялікі. Ён папоўніў нашу мову новымі словамі, змяніў карэнным чынам ці абнавіў часткова семантыку многіх старых слоў, пашырыў сувязь паміж імі. Аднак гэтых змен новае выданне не адлюстроўвае. У яго іншая мэта — пакінуць слоўнік як гістарычны помнік у некранутым выглядзе, зберагчы аўтарскую дакументальнасць у падачы кожнага моўнага факта і не парушыць структуры Слоўніка. Таму і паўторана першае выданне фотамеханічным спосабам.

Адзінае, што адрознівае другое выданне ад першага — гэта ўключэнне ў канцы кнігі «Дадатка да беларускага Слоўніка». Гэтыя 22 старонкі не парушаюць структуры выдання, а сабраныя ў адно месца лексікаграфічныя працы I. І. Насовіча значна дапаўняюць Слоўнік.

Усведамляючы высокую годнасць Слоўніка, нельга не бачыць і яго недахопаў. Карыстаючыся Слоўнікам, чытач нашых дзён сустрэне ў лексічным складзе, у аўтарскіх тлумачэннях і ілюстрацыйным матэрыяле не сугучныя з духам сучаснасці анахранізмы, ад якіх патыхае старым светасузіраннем, перажыткамі тагачасных міжнацыянальных адносін, прымхамі і забабонамі. Да іх трэба ставіцца крытычна, памятаючы, што яны абумоўлены сацыяльнай несправядлівасцю тагачаснага грамадства, пачварнай нацыянальнай палітыкай самадзяржаўя.

Увогуле ж другое выданне насовічавага Слоўніка — гэтага навукова-лінгвістычнага летапісу народа і часу — непарушна захоўвае аўтарытэт папярэдняга і будзе служыць дастойным помнікам 200-годдзю з дня нараджэння яго аўтара, якое спаўняецца ў 1988 годзе.

Член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР М. Р. СУДНІК.