Электроннае выданне Слоўніка Івана Насовіча мае на мэце зрабіць яго даступным для шырокага кола карыстальнікаў, бо знаныя яго перавыданні (нямецкае[1] і беларускае[2]) у асноўным капіруюць першае выданне з невялікімі дадаткамі. Яны мелі на мэце, у сувязі з цяжкай даступнасцю да першага выдання, задаволіць патрэбы вузкіх спецыялістаў-мовазнаўцаў, добра арыентаваных у гісторыі стварэння і выдання названага слоўніка. Як вядома, ад яго стварэння да часу выдання прайшло амаль 20 гадоў. Пры гэтым у яго форме і тэксце адбыліся значныя змены, перш за ўсё з-за таго, што ён разглядаўся і выдаваўся як абласны слоўнік (яго першасная назва «Словарь Бѣлорусскаго нарѣчія»), з-за чаго з рукапісу была выдалена большасць з так званых «общерусских» слоў. Пры рэдагаванні (у асноўным І. Сразнеўскім) былі ўнесены і іншыя капітальныя змены, у выніку чаго ён набыў непазнавальны для аўтара характар, што відаць з верша-эпіграмы, знойдзенага ў адным з экзэмпляраў слоўніка ў бібліятэцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Каб захаваць характар рэакцыі аўтара на гэтае выданне, падаём у арыгінале гэты верш як яго апублікаваў Мікалай Прыгодзіч[3]:
Ив. Носович, 1870 г.
Зразумела, што імкненне прыпісаць польскі ўплыў характару выдадзенага слоўніка, як відаць, тлумачыцца перш за ўсё тым, што са слоўніка як абласнога была выключана агульная ўсходнеславянская лексіка, у выніку чаго быў парушаны натуральны баланс беларускай мовы. На жаль, стваральнікі электроннага слоўніка не могуць вярнуць першапачатковы выгляд матэрыялаў, аднак зрабілі намаганні актуалізаваць яго шляхам фармальнага асучаснівання і ўніверсалізацыі матэрыялаў, што робіць яго даступным цяперашняму чытачу і карыстальніку. Пра гэта пішацца ва ўступным слове да электроннага выдання («Ад укладальнікаў») з пералікам найбольш значных змен і ўдакладненняў (гл. Дадатак 1). Іншыя дадаткі і змены маюць на мэце пашырыць інфармацыю аб Слоўніку Насовіча для шырокага кола чытачоў. Асобныя папраўкі, якія датычаць выразных дыялектных формаў, можна ацаніць толькі з пазіцый сучаснай беларускай літаратурнай мовы, напрыклад, замену канчаткаў дыялектных формаў з -ць на -ці або ў безасабовых формах дзеяслова канчатка -ець на -е і пад., хаця, на нашу думку, гэтыя папраўкі носяць адвольны характар і маюць на мэце асучасніць слоўнік. Большасць астатніх змен мае, магчыма, неўсвядомлены характар разумення Слоўніка Насовіча як адлюстравання ўсёй тэрыторыі беларускай мовы, хаця ў час яго стварэння дакладнага ўяўлення пра тэрытарыяльныя асаблівасці агульнабеларускай нацыянальнай мовы яшчэ не было, бо ва ўспамінах Насовіча канстатуюцца адрозненні толькі Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губерняў, але адсутнічаюць звесткі пра асобныя гаворкі поўдня Беларусі – сённяшняй Гомельшчыны і Брэстчыны.
У параўнанні з першым выданнем Слоўніка Насовіча змены датычаць парадку літар і некаторых іншых асаблівасцей, тых, якія невядомы сучаснаму чытачу. Напрыклад, не кожны ведае, дзе шукаць у арыгінальным выданні словы яда ці ехаць, якія там знаходзяцца ў частцы, прысвечанай лексіцы з пачатковым ѣ (яць). Вельмі важна, што ў асноўны тэкст электроннага варыянта ўключаны ўсе вядомыя аўтарскія варыянты да гэтага слоўніка. Карысным таксама будзе поле «ключавыя словы», дзе падаюцца сінонімы, гіперонімы, граматычныя формы і апісальныя канструкцыі як дадатак ці тлумачэнне да асноўных слоў (гл. Дадатак 2).
Электроннае выданне Слоўніка Насовіча з дадаткамі знаходзіцца ў агульным рэчышчы абноўленых перавыданняў класічных лексікаграфічных крыніц усходніх славян, пачынаючы са слоўніка Даля[4] да сучасных перавыданняў слоўнікаў Сцяшковіч[5] і Станкевіча[6]. Ступень «асучаснівання» названых слоўнікаў розная, але яна сведчыць, што класічныя лексікаграфічныя творы пачынаюць жыць сваім жыццём, дастасоўваючыся да новых умоў і патрэб.
Зразумела, што новыя адаптаваныя версіі не замяняюць арыгінальных выданняў, а толькі інтэрпрэтуюць іх, дапасоўваюць да сучасных патрабаванняў. Карацей кажучы, «асучасненыя» версіі робяць іх зразумелымі для шырокага кола чытачоў, не падмяняючы сабой арыгінальны помнік.
Прапанаваная электронная версія выдадзенага ў 1870 годзе Слоўніка Насовіча мае за мэту зрабіць яго даступным для сучаснага чытача, арыентаванага на сучаснае ўспрыманне беларускай лексікі і сучасныя нормы.
1 Носович, И. И. Словарь белорусского наречия. In 2 Bänden / И. И. Носович; пасляслоўе G. Freidhof i P. Kosta. – München: Otto Sanger, 1984–1986. Bd 1: A–O, 1984; Bd 2: П–Я, 1986.
2 Насовіч, І. І. Слоўнік беларускай мовы / І. І. Насовіч; аўт. уступ. арт. М. Р. Суднік. – Мінск: БелСЭ, 1983.
3 Прыгодзіч, М. Р. З жыццяпісу і гісторыі стварэння «Словаря белорусского наречия» І. І. Насовіча / М. Р. Прыгодзіч // Спадчына Івана Насовіча і беларускае мовазнаўства: Матэрыялы навуковых чытанняў, прысвечаных 220-годдзю з дня нараджэння Івана Іванавіча Насовіча (18 лютага 2008 года, г. Мінск) / адк. рэд. М. Р. Прыгодзіч; Беларускі дзяржаўны універсітэт. – Мінск: Права і эканоміка, 2008. – C. 27.
4 Даль, В. И. Толковый словарь живого великорусского языка: [В 4 т.] / [соч.] Владимира Даля; под ред. И. А. Бодуэна-де-Куртенэ. – 3-е, исправленное и значительно дополненное издание. – Санкт-Петербург–Москва: Товарищество М. О. Вольф, 1903–1909.
5 Сцяшковіч, Т. Слоўнік Гродзенскай вобласці / Т. Сцяшковіч; рэд. і прадм. Н. Кахан. – 2-е выд., выпраўленае. – Смаленск: Інбелкульт, 2018.
6 Станкевич, Я. Белорусско-русский словарь / Я. Станкевич; под ред. Г. Ребенковой, В. Булгакова; предисл. Г. Ребенковой, В. Булгакова. – Смоленск: Инбелкульт, 2020.